Гомельскі суд прызнаў „экстрэмісцкімі” адразу 105 інтэрнэт-рэсурсаў
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля за адно пасяджэнне 4 ліпеня прызнаў „экстрэмісцкімі” ажно 105 старонак у інтэрнеце, пішуць праваабаронцы.
Гаворка ідзе пра чаты дыяспар, гістарычныя тэлеграм-каналы, старонкі СМІ, асабістыя профілі ў сацсетках і нават Linkedin-старонкі. Спіс новадалучаных „экстрэмістаў” займае 13 старонак. Сярод іншых у спіс „экстрэмістаў” трапілі сайт і сацсеткі светлагорскага тэлеканала „Ранак”.
Восем супрацоўнікаў тэлеканала затрымалі 11 чэрвеня ў Светлагорску. Мяркуецца, што прычынай для іх затрымання стаў сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінулі тры чалавекі. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы за нібыта „распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Мужчынам прысудзілі па 7 сутак арышту, жанчынам — штрафы па 925 рублёў (25 базавых).