Ягор Сідараў у спарынгавым матчы „Анахайма” адзначыўся двума галамі
Каманда „чорных” святкавала буйную перамогу над „белымі” 9:3, які гуляў пад 57-м нумарам беларус унёс прыкметны ўклад у поспех свайго калектыву, спачатку з дабівання зрабіўшы лік 5:3, а затым і 6:3. Асабліва эфектным апынуўся другі гол Сідарава: ён па цэнтры пайшоў на брамку, расчысціў сабе шлях фінтамі, праз калідор падкаціўся да галкіпера, а затым абыграў і яго, адзначае афіцыйны сайт ФХБ. У булітнай перастрэлцы, якая адбылася пасля асноўнага часу матчу, больш паспяховей таксама былі „чорныя” (4:3). На драфце НХЛ 2023 года Ягор Сідараў быў выбраны „Анахаймам” у трэцім раундзе пад агульным 85-м нумарам.

Шымановіч і Калашнікава выйшлі ў 1/8 фіналу парнага разраду Уімблдона
Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч і прадстаўніца Грузіі Аксана Калашнікава выйшлі ў 1/8 фіналу Уімблдонскага турніру.
У матчы 1/16 фіналу беларуска-грузінскі тандэм абыграў у дзвюх партыях нарвежска-расійскі дуэт Ульрыке Эйкеры / Аляксандра Панова – 6:0, 6:4.
Матч у адказ жодзінскага „Тарпеда-БелАЗ” у Лізе канферэнцый перанесены на 2 жніўня
Пра гэта распавёў прэс-сакратар суперніка „аўтазаводцаў” – АЕКа.
Рашэнне абумоўлена ўдзелам адразу трох кіпрскіх каманд у кваліфікацыі Лігі канферэнцый. Гэта была не наша просьба, так вырашыла УЕФА, – адзначыў прэс-сакратар АЕКа. Першы паядынак пройдзе 27 ліпеня ў Венгрыі.
Глеб Жэрдзеў стаў гульцом мінскага „Дынама”
Навабранец „бела-сініх” нарадзіўся 18 траўня 2000-га ў сталіцы Беларусі. Выхаванец ФК „Мінск”, за асноўны склад якога дэбютаваў у 2018-м — у выязной кубкавай сустрэчы 1/16 фіналу з „Лідай”.
Сезон-2022 Жэрдзеў сустрэў паўнавартасным футбалістам „Славіі” – і падмацаваў сваю рэзка ўзрослую значнасць на полі статыстыкай: 31 сустрэча і 20 ачкоў карыснасці (13 забітых мячоў +7 перадач) ва ўсіх турнірах. Мінулай зімой настаў час паспрабаваць легіянерскага хлеба. Этап у ізраільскай „Бней Іегудзе” змясціў 13 паядынкаў і 2 галы.
Джон Тэры вярнуўся ў „Чэлсі”
Былы абаронца лонданскага клуба з гэтага часу будзе працаваць у акадэміі „Чэлсі”. Апошнім месцам працы экс-гульца зборнай Англіі быў „Лестэр”, дзе ён з красавіка быў памочнікам рулявога Дзіна Сміта. У мінулым сезоне „Чэлсі” заняў 12-е месца ў чэмпіянаце Англіі. Упершыню за сем гадоў лонданская каманда не згуляе ў еўракубках.
У ЗША выпусцілі піва ў гонар пераходу Ліянэля Месі ў МЛС
Амерыканскі бровар Prison Pals Brewing Co выпусціў піва ў гонар пераходу нападніка Ліянэля Месі ў клуб МЛС „Інтэр Маямі”. Піўны слоік аформлены ў ружова-чорных колерах, якія паўтараюць колеры формы „Інтэр Маямі”. Таксама на ёй намаляваны 10-ы нумар, пад якім выступае Месі, і надпіс GOAT. Першую партыю лагера раскупілі за некалькі гадзін. Найвялікшы гулец усіх часоў прыязджае ў Маямі. Лепшы бровар горада чакае яго. Гэта наша даніна павагі GOAT. Адчуйце смак свабоды, – гаворыцца ў сацсетках клуба.
Гэтым летам Месі абвясціў, што пяройдзе ў „Інтэр Маямі” з „ПСЖ” на правах свабоднага агента. Прэзентацыя 36-гадовага іграка адбудзецца 16 ліпеня. Усе квіткі на гэтую падзею ўжо раскуплены. Паведамлялася, што Месі будзе атрымліваць да 60 мільёнаў даляраў у год.
Беларускае Радыё Рацыя
