Свята працы дармаедаў



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў міжнародным Днём працы. Свята працоўных адзначаецца ў Беларусі амаль незаўважна, затое Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падвысіла на 3,3% дзіцячыя дапамогі.

“Ад усяе душы віншую вас са Святам працы. Па традыцыі мы адзначаем яго як знак павагі да людзей розных прафесіяў і пакаленняў, як сімвал салідарнасці працоўных». – напісаў у сваім віншаванні Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах «працавітасць беларускага народа служыць надзейным фундамантам дабрабыту дзяржавы». Прэзідэнт пахваліўся дасягненнямі ў розных галінах прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і сферы высокіх тэхналогіяў. Ён пажадаў міру, дабра, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту ўсім беларусам.

Сёлетні «Дзень працы» ў Беларусі праходзіць не на пампезных мітынгах і шэсцях, але на хваляванні, каб не патрапіць у разрад «дармаедаў». Прэзідэнцкі дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» стаў сенсацыяй і галоўнай тэмай, якую абмяркоўваюць літаральна ўсе, ад бяспрацоўнага да высокапастаўленых чыноўнікаў. «Дармаеды і лайдакі павінны працаваць», – заявіў кіраўнік дзяржавы. Афіцыйна гэты дэкрэт мае стымуляваць працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці, аднак усе разумеюць, што ён накіраваны на папаўненне дзяржаўнай скарбонкі падаткамі. Тых, хто падаткі не плаціць, збіраюцца прымусіць гэта зрабіць шляхам новага збору. Мяркуецца, што пад катэгорыю «дармаедаў» могуць трапіць некалькі сот тысяч беларусаў, аднак прымусіць плаціць збор удасца далёка не ўсіх. Вядома, падаткі плацяць ва ўсіх цывілізаваных краінах свету, аднак не паўсюль ёсць праца для усіх. Многія з задавальненнем пайшлі б працаваць, але куды альбо за якія грошы? Калі аднак не будуць выкананыя неабходныя ўмовы, тады можна трапіць у разрад «дармаедаў». Да іх могуць далучыць нават хатнія гаспадыні, якія, вядучы хатнюю гаспадарку і выхоўваючы дзяцей, нават у савецкія часы не лічыліся дармаедамі. Праўда, шматлікія грамадзяне вітаюць з’яўленне Дэкрэту, бо яны бачаць магчымасць аднаўлення сацыяльнай справядлівасці. Маўляў: «чаму я павінен плаціць падаткі, а мой сусед купляе кватэры, машыны, і не плаціць? Хай вось цяпер пакруціцца”. Аднак дэкрэт можа ўдарыць па кожнаму. У любы момант кожны можа страціць працу ці бізнес і апынуцца на месцы таго, хто сёння не мае працы. І далёка не ўсе знойдуць працоўнае месца, у тым ліку нават і чыноўнікі. «Ад гэтай дурасці трэба адмаўляцца», – заявілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ( Грамада). БСДП мае намер ініцыяваць разгляд дэкрэту аб дармаедах у Канстытуцыйным судзе. Лідары партыі лічаць, што магчыма прыняты дакумент не адпавядае Канстытуцыі.

Затое ў Польшчы «Свята працы» будуць адзначаць толькі левыя сілы. Вялікіх шэсцяў, як у часы камунізму, даўно не праводзіцца, затое «Саюз левых сілаў» штогод праводзіць нейкія акцыі. Сёлета гэта будзе «еўрапейскі пікнік», паколькі 1 траўня 2004 году Польшча далучылася да Еўразвязу. Партыя крытыкуе ўрад за сацыяльную палітыку, папракае у тым, што ў Польшчы амаль 2 мільёны бяспрацоўных, 2 мільёны з’ехалі за хлебам за мяжу, мільён працуе паводле так званых «сьмецьцевых» дамоваў і амаль мільён пенсіянераў вымушаны жыць за тысячу злотых у месяц. Праца ў Польшчы даўно перастала быць абавязкам. Яна стала прывілеем. Працы трэба шукаць, браць абы якую, перамяшчацца ў яе пошуках, змяняць прафесію, не маючы ўпэўненасці, што заўтра адным словам працадаўца можа нас пазбавіць крыніцы ўтрымання.

Зараз мала ў якіх краінах пампезна адзначаецца «Свята працы», бо і якое гэта свята? Зараз часцей за пралетарыят гучыць слова «прэкарыят» ад ангельскага слова precarity, або французскага lub precarité. Гэта бяспрацоўныя, хворыя, самотныя людзі, якія ў патрэбе, патрабуюць апекі і дапамогі.  Вельмі многіх людзей абмінулі ўсе дасягненні рабочага руху абмінулі іх.  У цэлым сёння ніякае не свята, але проста Дзень салідарнасці працоўных, які не страціў сваёй актуальнасці ні ў Беларусі, ні ў многіх краінах свету.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ