Валер Сахашчык: Для Лукашэнкі будзе страшна мець вялікую колькасць вагнераўцаў у Беларусі



Дэмакратычныя сілы Беларусі намагаюцца вярнуць тэму Беларусі на парадак дня. Сёння, 11 ліпеня, у Вільні пачаўся Саміт НАТА і прайшоў Сайд-івент па Беларусі. У рамках НАТА мяркуюцца яшчэ сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі замежных краін, удзел у грамадскім форуме НАТА і ў лекцыі Джо Байдэна ды іншае.

І хоць асноўная тэма НАТА будзе датычыць пытанняў Украіны, але як кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык, ён упэўнены, што абмеркаванне Беларусі будзе:

– Таму што рэальная пагроза размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі – гэта першы вельмі моцны фактар. Другое, зусім незразумелыя рухі вакол групы “Вагнер”. Уся ж такі дзе яна будзе? І пагроза ёсць, што яна будзе на тэрыторыі Беларусі. І гэта можа быць зусім небяспечна для ўсіх суседзяў Беларусі. Таму, канешне ж, вось гэтыя дзве падзеі плюс маса іншых дробных падзеяў прымусяць усю сусветную супольнасць пачаць займацца Беларуссю, цікавіцца, будаваць якіясьці планы і свае стратэгіі.

Валер Сахашчык выказаў таксама і свае прагнозы наконт групы “Вагнер” і Беларусі:

 Я не думаю, што шмат вагнераўцаў прыедзе ў Беларусь, калі прыедуць увогуле. Я мяркую, што хутчэй Беларусь можа быць выкарыстана як перавал-база толькі. Я лічу, што для самога Прыгожына быць у Беларусі небяспечна. Я мяркую, што ён хутчэй за ўсё пойдзе ў Афрыку. Для Лукашэнкі таксама будзе крыху страшна мець вялікую колькасць вагнераўцаў у Беларусі. Вы памятаеце добра сітуацыю 2020 года, калі 30 чалавек стварылі такую вялікую праблему і так моцна напужалі рэжым. Таму я лічу, што Лукашэнка не дазволіць вялікай колькасці вагнераўцаў размясціцца ў Беларусі.

Але, як зазначае Валер Сахашчык, можна чакаць чаго заўгодна, бо Лукашэнку трымаюць на кароткім павадку. І калі яму выставяць якіясьці ўмовы, то ён нічога не зможа зрабіць і выканае каманду з Крамля.

У межах Саміта НАТА ў Валерыя Сахашчыка таксама запланаваныя важныя сустрэчы, але пра іх ён грамадству распавядзе пазней, калі складуцца нейкія рашэнні і справы.

Беларускае Радыё Рацыя