Анатоль Лябедзька: Гэта можа быць гістарычны саміт
Госць Рацыі – дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька. З ім пра найважнейшыя падзеі – саміт НАТА ў Вільні – размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Сочыце вы за гэтым самітам, цікава вам, якія там заявы ўжо вельмі важныя на міжнародным узроўні можаце вылучыць?
Анатоль Лябедзька: Натуральна, сачу, таму што зараз Вільня ператварылася ў месца, дзе прымаюцца найважнейшыя палітычныя рашэнні, якія датычаць і Беларусі ў тым ліку. І не толькі Беларусі, але і развіцця ў пэўным сэнсе чалавецтва. Гэта можа быць гістарычным самітам. Самітаў НАТА дастаткова шмат, багата, але ёсць тыя, якія вызначаюць палітыку і адказваюць на тыя пытанні, якія стаяць на парадку дня сотняў мільёнаў людзей. Так што, канешне, не сачыць за гэтым нельга.
РР: Мы кажам абавязкова пра кантэкст Беларусі. Ужо прагучалі такія заявы, напрыклад, што выведкі заходніх краінаў, таксама краінаў НАТА не фіксуюць ні перамяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі, як пра гэта казалася раней, ні пра гэтых вагнераўцаў, якія меліся быць на тэрыторыі Беларусі. Вось нейкія каментары на гэты конт ёсць, бо вельмі шмат у інфармацыйнай прасторы між іншым мы размаўлялі пра тое, што і вагнераўцы, і ядзерная зброя гэта ўсё робіцца быццам пад саміт НАТА, а тут нават Еўропа заяўляе, што нічога такога няма?
Анатоль Лябедзька: З аднаго боку можна разглядаць гэта як псіхалагічную атаку і ціск на бліжэйшых суседзяў, на тую ж самую Літву, на Еўропу. Але разам з тым не трэба здымаць гэтыя пытанні з парадку дня, таму што рэжым Беларусі і Пуцін абсалютна непрадказальныя. І дзеля таго, каб утрымаць уладу ў сваіх руках, яны могуць пайсці на ўсё, што заўгодна. Таму вельмі важна, каб на саміце НАТА і на іншых міжнародных форумах гэтыя пытанні абмяркоўваліся і выпрацоўваўся план магчымых рэфлексій і дзеянняў. Гэта важна. Мы не здымаем гэтыя пагрозы з парадку дня. І добра, што ёсць магчымасць і праз Святлану Ціханоўскую, і ў цэлым праз дэмакратычную супольнасць даносіць нашую трывогу, нашую заклапочанасць гэтым. Таму канстатуем як пазітыўны факт, добра што няма ядзернай зброі і вагнераўцаў, але гэта зусім не азначае, што іх не можа быць і заўтра.
РР: Так, але як факт можам канстатаваць, што не атрымаўся план Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Ці як вось гэта можна зразумець? Ці бачыце вы вынікі гэтага шантажу?
Анатоль Лябедзька: Не ўсё так проста з перамяшчэннем ядзернай зброі. Для таго, каб яе вярнуць на старое месца трэба падрыхтаваць, трэба правесці пэўную працу, трэба, каб былі падрыхтаваныя пляцоўкі. Гэта ж мы перавозім, прабачце, не керзавыя боты для вайскоўцаў. Гэта ўсё ж такі ядзерная зброя, таму, па-першае, гэта патрабуе і часу. А, па-другое, якая мэтазгоднасць з усяго гэтага вынікае? Ваенных нейкіх пагроз для Еўропы не ўзнікае, разам з тым Расея, што можа наклікаць? Яна можа выклікаць ад НАТА план дзеянняў па перамяшчэнні ядзернай зброі бліжэй да расейскіх межаў.
На сёння пакуль ёсць такая сітуацыя статус-кво, яна як бы задавальняе і амерыканцаў, і еўрапейцаў, і ў пэўнай ступені Расею. І вось тое, што ядзерная зброя магла быць перанесеная на Беларусь, вось гэты статус-кво ліквідуе. І тут не бачу абсалюна ніякіх перавагаў для Расеі. У ваенным плане яны не становяцца больш моцнымі, а ў палітычным яны губляюць свае пазіцыі. І зноў жа не толькі іміджавыя страты. Таму тут яшчэ і рацыянальнасць, наколькі гэта дае нейкія бонусы для Пуціна. А Лукашэнка скарыстаў гэтую сітуацыю для таго, каб спрабаваць замацаваць сваю суб’ектнасць, якую ён згубіў за апошнія тры гады.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя