Саміт NATO: пачатак
Мне на Дзень Нараджэння падарылі фуражку літоўскага паліцыянта. З «Пагоняй» на кукардзе, натуральна. Я паехаў на адпачынак да сябра, які мае сядзібу за 800 метраў ад літоўскай мяжы. Утварылася традыцыя па вяртанні ў Менск заязджаць у краму ў суседнім мястэчку Лынтупы.
Я забыўся зняць сваю фуражку. Заскочыў у краму, купіў што трэба, а пасля мы смяяліся з сябрамі, едучы ў машыне. У адных прадавачак была радасць на тварах, маўляў, нашы прыйшлі. У іншых быў жах.
Саміт NATO, які распачаўся ў Вільні, дзеліць людзей па прынцыпе прадавачак з Лынтупаў. Адным дае надзею, а іншым укараняе страх.
Галоўны тормаз працэсаў у NATO самая заможная краіна Еўропы – Нямеччына.
Яна калісьці была знішчаная амаль у нуль, але адноўленая рэсурсамі краін Еўропы і ЗША.
І вось сёння Нямеччына зноў стварае праблему. Немцы так перажываюць за сваіх дзядуляў і бабулек, якія выкідалі правую руку на адрас Гітлера, што не хочуць ніякай вайны.
Але без вайны супраць Расеі будзе вайна Расеі супраць усяго свету.
Такі парадокс – Нямеччына зноў камень, на якім трымаецца пытанне ці будзе далей жыць фашызм. Цяпер расейскі.
Украінскі аспект саміту NATO. У чым Нямеччына ёсць тормазам? У прыняцці Украіны ў NATO. Фармальна па дакументах прыняць у NATO можна толькі дзяржаву ў мірным стане.
Дэ-факта ўсе разумеюць, што сутнасць не ў фармальнасцях, а ў прыняцці аператыўнага рашэння, сыходзячы з патрэбаў тут і цяпер.
Пакуль мы бачым, што дзясяткі краін гатовыя дапамагаць Украіне. Эканамічна, палітычна, але не болей.
То бок, няма калектыўнага агульнага меркавання што рабіць з Расеяй.
Што такое перамога Украіны? Гэта знішчэнне Расеі як дзейнага і патэнцыйнага агрэсара.
Палітыкі Захаду не хочуць ваяваць з Расеяй, бо выбарцы могуць не зразумець, і пракінуць на будучых выбарах.
Разумеюць выбарцы ў краінах Балтыі і часткова ў Польшчы. Там старэйшае пакаленне памятае, што такое крамлёўская акупацыя.
А што з Беларуссю ў абмаляванай карціне?
Запрашэнне Святланы Ціханоўскай з выступам на самым значным за ўсю гісторыю саміце NATO – гэта выразны сігнал.
Хочуць – не хочуць, але беларускі гамбіт давядзецца згуляць.
Лукашэнка не толькі залежыць ад Масквы, але ўжо дачакаўся калі ягоны палітычны вораг паплыў па рацэ. Я пра Пуціна.
Хто ведае, можа на старасці гадоў Лукашэнка такі завалодае ўласным кабінетам у Крамлі.
Гучыць троху фантастычна, але і мяцеж Прыгожына ніхто не мог сабе ўявіць.
Трымаем пальцы за нашых. Беларусы – еўрапейскі народ, частка заходняй цывілізацыі. І мы мусім вярнуцца дадому.
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя