Агляд прэсы: Апошні ход



Беларускаму журналісту Паўлу Мажэйку за апазіцыйныя рэпартажы пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Саміт НАТА ў Вільні: як рабіць з Украінай? Турцыя дала дабро на ўступленне Швецыі ў НАТА. Валынская разня: Польшча і Украіна разам смуткуюць аб ахвярах. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У панядзелак у Беларусі пачаўся суд над вядомым журналістам, што стала апошнім крокам у шматгадовых рэпрэсіях супраць дзеячаў апазіцыі, незалежных журналістаў і праваабаронцаў. «45-гадоваму Паўлу Мажэйку, калі яго прызнаюць вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі за асвятленне палітычнай апазіцыі. Яго вінавацяць у працы на інфармацыйныя выданьні, у тым ліку на тэлеканал «Белсат», які вяшчае па-беларуску са сваёй базы ў суседняй Польшчы. Беларускія ўлады прызналі «Белсат» «экстрэмісцкім», – піша амерыканская газета The Washington Times.

«Журналісты і актывісты ў Беларусі сутыкнуліся з маштабнымі рэпрэсіямі пасля выбараў у жніўні 2020 года, якія далі Лукашэнку шосты тэрмін. З моманту затрымання 30 жніўня 2022 года Мажэйка знаходзіцца за кратамі больш за 10 месяцаў. На здымках з залы суда БелТА журналіст прыкметна схуднеў і трымаецца спіной да камеры. Раней Мажэйка распавядаў, што падчас затрымання яго моцна збілі супрацоўнікі спецслужбаў, якія спрабавалі выбіць вока. Карэспандэнт — толькі адзін з 35 супрацоўнікаў беларускіх СМІ, якія знаходзяцца ў турме або чакаюць суда. Мажэйку судзяць у горадзе Гародні, што на захадзе Беларусі. Ён апынуўся на лаве падсудных разам з адвакатам Юліяй Юргілевіч, якую абвінавачвалі ў перадачы яму інфармацыі пра беларускіх палітвязняў. 42-гадовая Юргілевіч, якая амаль 18 гадоў займалася адвакацкай дзейнасцю і абараняла праваабаронцаў, была пазбаўлена ліцэнзіі ў лютым 2022 года. Мажэйка — асоба вядомая ў Беларусі. У 2002 годзе ён быў асуджаны на два гады зняволення за «паклёп на прэзідэнта», а ў 2006 годзе стаў прэс-сакратаром кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча», – піша амерыканскае выданне.

У сталіцы Літвы Вільнюсе распачаў працу саміт НАТА. Пасля таго як Анкара дала сваю згоду на ўступленне ў альянс Швецыі, цэнтральным застаецца пытанне пра тое, калі ў шэрагі арганізацыі зможа ўступіць Украіна. У той час як такія краіны, як Польшча, Латвія, Літва, Эстонія, Францыя і сама Украіна патрабуюць гарантый уступлення адразу ж пасля заканчэння вайны, іншыя дзяржавы, сярод якіх і ЗША, хутчэй схіляюцца да прадастаўлення Кіеву ўсёабдымных гарантый бяспекі, замест хуткага прыняцця ў шэрагі альянсу. У сваім артыкуле для The Wall Street Journal, перадрукаваным газетай La Stampa, чэмпіён свету па шахматах і апазіцыйны расейскі палітык Гары Каспараў піша.

«На гэтым тыдні я буду выступаць у Вільні ад імя Антываеннага камітэта Расеі. Прэзідэнт Байдэн далучыцца да дзясяткаў іншых сусветных лідэраў і прыме ўдзел у саміце НАТА. Маё першае пасланне будзе заключацца ў наступным: Украіна – гэта краіна, якая заслугоўвае ўступлення ў НАТА, таму што яна вядзе тую самую барацьбу, для якой у свой час і была створана НАТА ў 1949 годзе. Другое: пакуль Амерыка вагаецца, украінцы працягваюць гінуць. Злучаныя Штаты плятуцца ў хвасце альянсу. Еўрапейцы, якія спачатку таксама вагаліся, зараз настроены больш рашуча, чым адміністрацыя Байдэна, якая выдумляе ўсё новыя і новыя пярэчанні супраць кожнай новай пастаўкі зброі ў Кіеў», – цытуе расейскага апазіцыянера італьянскае выданне.

Перашкод на шляху Швецыі ў НАТА, мяркуючы па ўсім, не засталося: пасля некалькіх месяцаў блакады прэзідэнт Турцыі Эрдаган аб’явіў аб тым, што неадкладна прадставіць у парламент для ратыфікацыі пратакол аб уступленні Швецыі ў рады альянсу. Па словах генеральнага сакратара НАТА Столтэнберга, Эрдаган зрабіў гэтую заяву ў выніку пасрэдніцкіх перамоваў. «У выніку ўсё скончылася добра», – канстатуе бельгійская газета La Libre Belgique.

«Былі асцярогі, што Эрдаган запусціць новы раунд сюррэалістычных патрабаванняў і ў такі важны гістарычны момант падарве пашырэнне НАТА – а значыць, і яе адзінства. У канчатковым рахунку, аднак, гэта аказалася апошнім эпізодам у шоў Эрдагана, што, дарэчы, было пераважнай версіяй развіцця падзей для Олафа Шольца і Енса Столтэнберга, якія ў панядзелак выказалі ўпэўненасць у тым, што перамовы пройдуць добра. Анкара трымала ў напружанні НАТА і Швецыю, а ў апошні момант і сама атрымала сігнал аб саступках з боку ЕЗ», – адзначае бельгійскае выданне.

11 ліпеня ў Польшчы традыцыйна памінаюць ахвяр Валынскай разні. З 1943 па 1945 год на тэрыторыі цяперашняй Заходняй Украіны, якая знаходзілася ў той час пад нямецкай акупацыяй, украінскімі нацыяналістамі былі забіты дзясяткі тысяч мірных грамадзян польскага паходжання. Гэтыя падзеі абвастрылі адносіны паміж палякамі і ўкраінцамі на дзесяцігоддзі наперад. Аднак у мінулым годзе тон стаў больш прымірэнчы, а ў гэтым годзе, у 80-ю гадавіну тых падзей, у Луцку прэзідэнты Украіны і Польшчы Зяленскі і Дуда прынялі ўдзел у памятнай цырымоніі і літургіі. «Варта было б адмовіцца ад завышаных чаканняў», – піша выданне Українське Радыё.

«Мы павінныя ўсвядоміць, што помніка Бандэры ў Польшчы не будзе. Гэтак жа сама, як палякі павінны ўсвядоміць, што ва Украіне не будзе помнікаў польскім шавіністам. Калі мы аддамо належнае і прызнаем тое, што мы таксама зрабілі няправільны крок, як і яны, і будзем усведамляць, што гэтым няправільным крокам скарысталіся нашы заходнія і ўсходнія суседзі – нацысцкая Германія і Савецкі Саюз, то мы заўсёды будзем у выйгрышнай сітуацыі», – заклікае ўкраінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя