Рада БНР: Смерць Алеся Пушкіна – гэта палітычнае забойства



Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з афіцыйным зваротам па факце заўчаснай і трагічнай смерці мастака Алеся Пушкіна ў зняволенні. Рада БНР патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў, поўнай іх юрыдычнай рэабілітацыі і пакарання вінаватых супрацоўнікаў рэжыму па ўсёй строгасці закону.

Кажа прэс-сакратар Рады БНР Алесь Чайчыц:

– Безумоўна адказнасць за гэта нясе аўтарытарны рэжым Беларусі, бо Алесь Пушкін ужо больш за два гады знаходзіўся ў поўнай іх уладзе. За яго стан, за ўмовы ў якіх ён быў, нясуць адказнасць безумоўна гэтыя людзі. Смерць Алеся Пушкіна на іх сумленні 100%. Гэта яшчэ адна ахвяра гэтага рэжыму, незаконнага і крывавага, які забівае найлепшых беларусаў, найбольш адважных, найбольш ахвярных. Алесь Пушкін вярнуўся ў Беларусь ужо пасля таго, як стала вядома, што на яго завялі незаконную крымінальную справу, ён памёр у турме падчас свайго незаконнага зняволення.

Алесь Пушкін быў арганізатарам першай за дзесяцігоддзі публічнай акцыі ў гонар 25 сакавіка: у 1989 годзе ён выйшаў на праспект у Менску з пікетам, быў затрыманы савецкай міліцыяй і засуджаны. У 2018 годзе ён быў узнагароджаны Радай БНР Медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларускае Радыё Рацыя