Агляд прэсы: На паўкроку да…
Памяці Алеся Пушкіна. Швецыя ўступае ў НАТА: што значыць згода Турцыі? Саміт НАТА: перспектывы ўступлення Украіны туманныя. Ці прадавіць урад Ізраіля рэформу юстыцыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Зараз уся ўвага засяроджана на віленскім саміце, і трагічная падзея – смерць беларускага палітвязня Алеся Пушкіна – рызыкавал б застацца незаўважанай. Але – не павінна. «Трагедыя мае да натаўскага саміту прамыя адносіны. Ад Вільні да беларускай мяжы прыблізна 35 кілямэтраў. Усяго 35 кіламетраў ад месца правядзення саміту пачынаецца да тэрыторыі адноўленай «імперыі зла». Месца, дзе катуюць і забіваюць за імкненне вырвацца з савецкага морака», – піша расейскае незалежные выданне Graniru.
„У гарадзенскай турме «пры нявысветленых абставінах» памёр мастак Алесь Пушкін. Гэта ўжо як мінімум чацвёрты палітвязень, які загінуў у лукашэнкаўскіх засценках з 2020 года. Трое з іх размаўлялі на беларускай мове. Па шматлікіх сведчаннях, над такімі людзьмі здзекаваліся асабліва выдасканалена. Што наўпрост паказвае на антынацыянальны, акупацыйны характар лукашэнкаўскага рэжыму. Некалі Алеся Пушкіна, удзельніка афганскай вайны, кідалі на гаўптвахту за тое, што ён вёў дзённік на беларускай мове. Вайну ён перажыў, лукашэнкаўскія засьценкі – не. Падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года Пушкін быў жорстка збіты. У сакавіку 2021 года ён браў удзел у прысвечанай беларускім пратэстам выставе, дзе прадставіў інсталяцыю з тачкі, партрэта Лукашэнкі і віл – толькі на гэты раз замест лайна, як у 1999 годзе, там была кроў. І ўсё ж Пушкін вярнуўся з Украіны ў Беларусь. Са словамі «ну не заб’юць жа яны мяне». Забілі… Можна зразумець, якім чынам Захад праспаў узыходжанне Пуціна. Велізарная тэрыторыя, рэсурсы, ядзерны арсенал, аслепленасць «вялікай культурай». А вось калі б рэжым Лукашэнкі знішчаны ў зародку, не было б наступу на Кіеў, не было б Бучы і тысяч беларусаў, якія пакутуюць у засценках, паміраючы па адным. Нехта павінен сказаць пра гэта на саміце ў Вільні. Нагадаць пра тое, наколькі крывая дарожка кампрамісаў з дыктатарамі, асабліва ярка выражанымі псіхапатамі. І якая ў выніку цана гэтых кампрамісаў. Вырашыце ўжо нарэшце па-даросламу, што гэта не павінна паўтарыцца. Інакш гэты кашмар будзе доўжыцца бясконца», – заклікае расейскае незалежнае выданне.
Гэтая навіна стала вядома незадоўга да пачатку саміту НАТА ў Вільні 11-га ліпеня: пасля некалькіх месяцаў блакады Турцыя дала-ткі сваю згоду на прыняцце Швецыі ў шэрагі альянсу. Пасля працяглай размовы з генсекам НАТА Енсам Столтэнбергам прэзідэнт Турцыі Эрдаган аб’явіў пра тое, што неадкладна прадставіць у парламент для ратыфікацыі пратакол аб уступленні Швецыі ў НАТА. Аглядальнікі вітаюць такое развіццё падзей, і ўсебакова аналізуюць пазіцыю Анкары. «У Столтэнберга атрымаўся геніяльны дыпламатычны кульбіт», – піша нямецкая газета Handelsblatt.
«Ён не проста прывёў Швецыю ў НАТА. Акрамя гэтага, генеральны сакратар альянсу фактычна абазначыў моцную сувязь Захаду з Эрдаганам, які будзе стаяць на чале Турцыі яшчэ як мінімум пяць гадоў. Пры гэтым няма ні найменшай рызыкі таго, што заўтра Турцыя стане самай самай густанаселенай краінай Еўрасаюза. Брусэльскія млыны мелюць павольна. Тое, што прэзідэнт Рады ЕЗ Шарль Мішэль абяцаў Эрдагану перад перамоўным прарывам магчымасці больш цеснага супрацоўніцтва, з канца чэрвеня ўжо прапісана ў пратаколе Рады. У рэшце рэшт, пагадненне з Эрдаганам абяцае і НАТА, і ЕС значна больш, чым самому Эрдагану», – падкрэслівае нямецкае выданне.
У аўторак у сталіцы Літвы Вільні пачаў сваю працу саміт НАТА, падчас якога былі прадстаўлены меркаванні наконт перспектывы ўдзелу ў альянсе Украіны. Пасля таго, як прэзідэнт Зяленскі ў сваёй прамове настойліва запатрабаваў хуткага прыёму, альянс паабяцаў уступленне на такіх умовах, як заканчэнне вайны і дэмакратызацыя, пры гэтым не ўстанавіўшы часавых рамак. «Адбыліся фундаментальныя перамены», – такое меркаванне выказвае французскі партал France Inter.
«Калі ў мінулым годзе Расея ўварвалася ва Украіну, на Захадзе прагучала некалькі галасоў, якія былі гатовыя пагадзіцца на нейтральны статус Украіны, – толькі б уціхамірыць Расею. Сёння такое проста выключана. Вайна каменя на камені не пакінула ад такіх поглядаў. Нават Францыя, якая ўсяго некалькі месяцаў таму з усіх сіл старалася не «прыніжаць Расею», паводле вельмі спрэчнай фармулёўкі Эманюэля Макрона, разгарнулася на 180 градусаў, і практычна безумоўна падтрымлівае высілкі Ўкраіны. Усё гэта ўмацоўвае ўпэўненасць Зяленскага ў тым, што ў доўгатэрміновай перспектыве краіны НАТА на яго баку. І гэта – немалое дасягненне!», – піша французскае выданне.
У панядзелак парламент Ізраіля адобрыў асноўныя часткі спрэчнай судовай рэформы, распрацаванай правым рэлігійным урадам Біньяміна Нетаньяху. Сярод іншага, Вярхоўны суд больш не будзе мець магчымасці прадухіляць прыняцце законаў у тым выпадку, калі тыя будуць парушаць канстытуцыю. Пасля масавых пратэстаў Нетаньяху ў сакавіку прыпыніў рэформу на карысць новых перамоваў. Але масавыя пратэсты пачаліся і на гэты раз. «Калі ўрад прадавіць гэтую рэформу, то ў грамадзянскай супольнасці будуць усе падставы пайсці на крайнія меры», – лічыць аўстрыйская газета Die Presse.
«Падобна, што Нетаньяху і брывом не павядзе: ні перад тварам ціску з боку Вашынгтона, ні ў выніку палярызацыі і прыкметаў сацыяльнай эрозіі ў Ізраілі. Ён падкрэсліў, што менавіта гэтая рэформа ўмацоўвае дэмакратыю, а гэтае сцвярджэнне адрозніваецца нечуваным цынізмам. Калі адчайныя заклікі прэзідэнта Іцхака Герцага і апазіцыі сціхнуць пасля новага раунда перамоваў і надзеі на кампраміс паваляцца, то супернікам рэформы не перашкодзіла б сваімі пратэстамі і забастоўкамі абрынуць гэты бессаромны ўрад Нетаньяху. І гэта было б актам патрыятызму!», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка