Больш за ўсё ў Беларусі падаражэлі капуста, морква і цыбуля
Белакачанная капуста ў першым паўгоддзі падаражэла ў Беларусі амаль у тры разы. У тройцы лідараў па росце цэн таксама морква (рост у 2,68 разы) і рэпчатая цыбуля (у 2,16 разы). Пра гэта піша рэсурс „Позірк” са спасылкай на дадзеныя Белстата. Адчувальна падаражэлі за гэтыя паўгода і некаторая садавіна: вінаград (+65,32%) і грушы (+51,95%). Сур’ёзна вырасла у цане і бульба (+42,48%).
Нехарчовыя тавары таксама даражэюць. Тут у лідарах апынуліся дывановыя вырабы (+12,35%), жывыя зрэзаныя кветкі (+9,85%) і мужчынскія боты з футрам (+9,49%). Што тычыцца сферы паслуг, то тут прыкметна выраслі цэны на білеты на цягнікі міжнародных зносін (+53,47%), паслугі турагенцтваў (+33,46%) і авіябілеты (+21,19%).
Гадавая інфляцыя ў чэрвені паменшала да 2,9 працэнта
Гадавая інфляцыя ў Беларусі за чэрвень 2023 года ў параўнанні да чэрвеня 2022 года склала 2,9 працэнта, паведаміў Белстат. Такім чынам, гадавая інфляцыя ў краіне па афіцыйных звестках зніжаецца ўжо адзінаццаты месяц запар. Пікавым значэннем стаў паказчык ліпеня 2022 года — 18,1 працэнта.
Супрацоўніцтва з Кітаем: чатыры галоўныя напрамкі
Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў пералічыў важныя напрамкі, па якіх Беларусь умацоўвае двухбаковае супрацоўніцтва з Кітаем. Яго словы прыводзіць прэс-служба ведамства.
На думку міністра, першы напрамак – нарошчванне і дыверсіфікацыя гандлю, а таксама сістэмная акрэдытацыя беларускіх вытворцаў харчавання. Другі напрамак – павелічэнне кантэйнерных перавозак па чыгунцы. Гэта важны момант для дастаўкі беларускіх грузаў у Кітай, а таксама кітайскага абсталявання ў нашу краіну.
Кірунак нумар тры – паглыбленне інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама сумеснае прамысловае развіццё. Ён асобна зрабіў акцэнт на зборцы электрамабіляў, станкабудаванні, а таксама сумеснай вытворчасці медыцынскага абсталявання і развіцці бія- і лічбавых тэхналогій. Чацвёртым напрамкам Чарвякоў выдзеліў фінансаванне стратэгічных інвестыцыйных праектаў па льготных крэдытных лініях Кітая.
Зборы дзяцей у школу. Колькі трэба грошай?
У гэтым годзе сабраць дзіця ў школу будзе каштаваць у Менску ад 370 да 1392 рублёў. Такую ацэнку зрабіла ДА „Сталічны гандаль і паслугі”, піша „Мінск-Навіны”. Па дадзеных сталічнага гандлю, зборы вучня пачатковай школы абыдуцца бацькам у суму ад 370 да 1122 рублёў, старшакласнікаў – ад 462 да 1392 рублёў.
Ацэнка зроблена на падставе рэкамендаванага МАРГ пераліку тавараў для школьнікаў, у які ўваходзяць адзенне, абутак, заплечнік, канцылярскія і іншыя школьныя прыналежнасці. У параўнанні з мінулым годам сума вырасла на 10 працэнтаў.
Беларускае Радыё Рацыя