У Беларусі пройдуць чарговыя вучэнні вайскоўцаў па выяўленні дыверсантаў



У Міністэрстве абароны паведамляюць, што неўзабаве на палігонах пад Баранавічамі і Лунінцам пройдуць чарговыя вучэнні вайскоўцаў па супрацьдзеянні і выяўленні дыверсантаў. У чэрвені такія вучэнні ўжо ладзіліся ў Лунінецкім раёне. Пра гатовасць барацьбы з дыверсантамі гавораць і ў памежным камітэце, асабліва падкрэсліваючы, што мяжа з Украінай пад надзейнай аховай.

На думку грамадскай дзяячкі Веранікі Івановай, у такіх заявах больш папулізму, чым справы:

Ідзе эскалацыя страху. У першую чаргу ў шэрагах сілавікоў, чыноўнікаў. І дзеля таго, каб іх супакоіць, ідзе вось гэта масіраваная інфармацыйная хваля пра тое, якія яны моцныя, якія яны спрытныя і як яны справяцца. Але паміж словамі і справай розніца велічэзная. Яскравы прыклад тое, што адбылося з расейскім добраахвотным корпусам, які абсалютна без супраціву, як гарачы нож у масла, увайшоў у Расею. І акрамя як пустым выхваляннем вось гэтыя вучэнні я назваць не магу.

Дарэчы, яшчэ з вясны беларускія дзяржаўныя медыя і розныя праўладныя аналітыкі актыўна раздзьмуваюць тэму імаверных дыверсій у ходзе надыходзячай электаральнай кампаніі. Ад нядаўняга часу такую рыторыку падхапіла і расейская прапаганда.

Беларускае Радыё Рацыя