Агляд прэсы: Ключ да ўсяго



Вынікі Саміту НАТА для Беларусі – туманныя, а для астатніх? Еўрапарламент галасуе за закон пра рэнатурацыю. Памёр пісьменнік Мілан Кундэра. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Па выніках Саміту НАТА, становішча спраў у рэгіёне і развіццё ўкраінскага наступлення пакуль не выклікаюць асаблівага аптымізму ў прыхільнікаў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. «Краіны «Вялікай сямёркі» і шэраг іншых членаў Паўночнаатлантычнага альянсу хоць і абвясцілі аб сваёй гатоўнасці і далей усяляк падтрымліваць Украіну і ўзмацняць яе ваенную моц, але шанцы на ваенную перамогу Кіева і стратэгічнае паражэнне Масквы на дадзены момант не здаюцца высокімі, а замарожванне канфлікту калі сусветнымі лідарамі публічна і не абмяркоўваецца, але ўсё ж не выключана», – піша нямецкае выданне Deutche Welle.

«Саміт у Вільні паказаў, што НАТА рыхтуецца да доўгатэрміновага супрацьстаяння з Масквой, а Беларусь разглядаецца як падкантрольная Крамлю тэрыторыя. Большасць аналітыкаў і экспертаў сыходзяцца ў меркаванні, што Украіна пасля завяршэння баявых дзеянняў уступіць у НАТА. Будучыня Беларусі выглядае туманна. У сённяшніх умовах заходнія краіны наўрад ці прыслухаюцца да довадаў Святланы Ціханоўскай, якая не мае рэальных рычагоў уплыву на сітуацыю ў Беларусі, і ўжо тым больш не ўспрымуць сур’ёзна не падмацаваную рэальным зместам слоўную эквілібрыстыку Аляксандра Лукашэнкі. ЕЗ, ЗША і Вялікабрытанія не адмовяцца ад прыгожай рыторыкі аб «салідарнасці» і «падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі», за фасадам якой, аднак, усё больш выразна праглядаецца сумненне ў тым, што Менск яшчэ нейкім чынам можна вырваць з лап Крамля. У сітуацыі нарастаючай канфрантацыі НАТА і Расеі пагроза ўцягвання Беларусі ў канфлікты і войны будзе толькі ўзрастаць, а жалезная заслона на заходніх межах краіны можа апусціцца ў бліжэйшы час. Сёння Беларусь не з’яўляецца «губерняй Расейскай Федэрацыі», але цалкам можа стаць ёю ўжо ў хуткай будучыні», – наракае нямецкае выданне.

У Вільні краіны НАТА не ўзгаднілі канкрэтны сцэнар уступлення Украіны, аднак дамовіліся аб усебаковай падтрымцы краіны. Гарантыяй выступяць як Рада Украіна-НАТА, так і двухбаковыя пагадненні з краінамі Вялікай сямёркі і дзяржавамі, якія ўдзельнічаюць у канферэнцыях на авіябазе Рамштайн. Акрамя таго, члены НАТА ў будучыні маюць намер інвеставаць не менш як два працэнты свайго ВУП у абарону. Прэса па-рознаму рэагуе на гэтыя вынікі. Берлінская газета taz цалкам разумее Кіеў, які не задаволены вынікамі саміту.

«Зяленскі, які зараз дасканала валодае мастацтвам ваеннай дыпламатыі, не наіўны. Яму зразумела, што Украіна не можа стаць сябрам НАТА раптоўна. Тым не менш альянс мог хаця б вырашыцца пачаць перамовы з Кіевам аб уступленні. Гэта было б важнай палітычнай заявай, а таксама выразным сігналам Расіі. На жаль, гэтая магчымасць была ўпушчана. Не выключана, што пасля аб гэтым давядзецца пашкадаваць. Дастаткова ўзгадаць 2008 год на саміце НАТА ў Бухарэсце заяўка Украіны на ўступленне была спачатку сустрэта з захапленнем, але затым адкладзена ў доўгую скрыню», – нагадвае нямецкае выданне.

У сераду, пасля эмацыйных дэбатаў і ўнясення 136 паправак Еўрапарламент прыняў законапраект , паводле якога ў ЕС будуць аднаўляцца пашкоджаныя экасістэмы. Вынік галасавання вісеў на валаску: 336 дэпутатаў прагаласавалі за, 300 – супраць. Еўрапейская народная партыя (ЕНП), Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты (ЕКР) і правае крыло, прадстаўленае фракцыяй Ідэнтычнасць і дэмакратыя (ІД), выступілі супраць закона. «Стрыманае «так» на карысць урэзанага законапраекта – зусім не той вынік, якога чакалі», – лічыць ірландская газета Irish Examiner.

«Некаторыя з найбольш важных пунктаў і мэт – былі і зусім выкрасленыя з законапраекта. Між тым, падвойны крызіс – абароны клімату і біяразнастайнасці – ігнаруе палітычныя інтрыгі, галасаванні і тэрміны. Крызісу напляваць на палітычныя цыклы і кампрамісы. Калі прырода будзе аслаблена, то экстрэмальныя ўмовы надвор’я толькі ўзмоцняцца. Па дадзеных Еўрапейскага агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя, больш за 80% запаведных біятопаў у ЕЗ знаходзяцца ў жаласным стане. Але нават гэтых сур’ёзных лічбаў аказалася недастаткова для амаль паловы палітыкаў у Еўрапарламенце, якія прагаласавалі за адмову ад аднаўлення прыроды», – піша ірландскае выданне.

У аўторак ва ўзросце 94 гадоў у Парыжы памёр чэшска-французскі пісьменнік Мілан Кундэра. Пасля падаўлення «Пражскай вясны» Кундэра стаў персонай нон грата ў Чэхаславакіі і ў 1975 годзе пераехаў у Францыю. У далейшым ён пісаў на французскай мове. У 1984 годзе раман Кундэры «Невыносная лёгкасць быцця» стаў сусветна вядомым. Еўрапейская прэса аддае даніну Кундэру як літаратару і палітычнаму мысляру. Брытанская газета Financial Times азіраецца на мінулае.

«Кундэра валодаў абвостраным нюхам у дачыненні да гаротнага становішча невялікіх краін, якія знаходзіліся пад пятай таталітарных рэжымаў, і разумеў, як савецкі лад разбурыў адзінства еўрапейскай культуры. Адным з самых яркіх яго твораў з’яўляецца «Скрадзены Захад, або трагедыя Цэнтральнай Еўропы» (1984 г.). Гэта эсэ, у якім ён сцвярджае, што Чэхаславакія , якая ў 1993 г. была падзелена на дзве дзяржавы, а таксама іншыя краіны Цэнтральнай Еўропы, якія на працягу стагоддзяў былі неад’емнай часткай заходняй культуры, пасля Другой сусветнай вайны былі «выкрадзены» Савецкім Саюзам і сілком уключаныя ва ўсходні блок, у якім дамінавала Масква», – піша брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя