Незалежныя прафсаюзы заклікаюць грамадзянаў Беларусі ўступаць у іх шэрагі



Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў заклікае грамадзян уступаць у незалежныя прафсаюзы і супольна змагацца за свае правы. Адпаведную заяву Савет незалежнага прафсаюзнага цэнтра зрабіў у сувязі з істотным пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. У заяве, агучанай напярэдадні Дня працы, які адзначаецца 1 траўня, ад імя 10 тысяч сяброў незалежных прафсаюзаў утрымліваецца крытыка эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, якая прыводзіць да скарачэнняў працоўных месцаў і спынення прадпрыемстваў. Толькі незалежныя прафсаюзы, на думку намесніка старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, у стане зрабіцца голасам беларускіх працоўных, які пачуе кіраўніцтва краіны.

– Ёсць вельмі шмат складаных пытанняў, шмат праблемаў, але тым не менш, перспектывы заўсёды былі і ёсць. Арганізацыі, якія ў нас існуюць па 20 гадоў, яны ёсць прыкладам таго, што ў любых умовах, нават у такіх цяжкіх, якія маем сёння ў Беларусі, незалежныя прафсаюзы запатрабаваныя, яны здольныя генераваць новыя ідэі, заключаць калектыўныя дамовы, быць сучаснымі. За такімі арганізацыямі будучыня.

Апошнім часам на такіх стратэгічных прадпрыемствах краіны, як МАЗ, МТЗ і “Гомсельмаш” адбываюцца істотныя скарачэнні працоўных, у сувязі з чым рынак працы папаўняецца тысячамі людзей. Запазычанасці па выплаце заробкаў маюць сотні арганізацый. Гэтыя і іншыя актуальныя пытанні актывісты БКДП хацелі абмеркаваць на мітынгу ў дзень міжнароднай салідарнасці працоўных 1 траўня, аднак улады забаранілі яго правядзенне.

Беларускае Радыё Рацыя