Аліна Коўшык: Салідарнасць – гэта тое, што робіць нас мацнейшымі
Пад Беластокам у Гарадку працягваецца фестываль TUTAKA. Акрамя вялікай культурнай праграмы, на імпрэзе адбываюцца і сустрэчы з палітычнымі і грамадскімі дзеячамі.
Далучылася да падзеі і прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. „Госця Рацыі” распавяла нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай пра тое, што яе ўразіла на фэсце, а таксама як захаваць нашую культуру:
– Сёння адчуваю сябе вельмі натхнёна і трохі вярнулася ў сваю, не хачу казаць маладосць, але студэнцкія гады, калі мы сюды прыязджалі аўтаспынам з Гародні з заплечнікамі, з намётамі. Таму для мяне ўсе гэтыя мясціны, усе гэтыя закуточкі, яны вельмі добра знаёмыя. Таксама шмат беларусаў, усе свае, усе знаёмыя. Вельмі радая пабачыць тых людзей, якіх даўно не бачыла, якіх так раскідала. Прыехалі людзі з Эстоніі, са Славакіі, з Батумі. Уяўляеце сабе, якая геаграфія? Атмасфера вельмі шчырая, атмасфера радасці ад таго, што мы побач адзін з адным, што мы ўзмацняемся. Але канешне адчуваецца такі лёгкі сум, бо ўсе мы адчуваем страту, перажываем смерць Алеся Пушкіна. Я думаю, што Алесь, як перформер, як шчыры, вольны беларус, ён сёння з намі, з нябёс на нас глядзіць. Я веру ў тое, што ўсе гэтыя страты недарэмныя і вольны беларускі дух нішто не заб’е, ён толькі зробіцца мацнейшым.
РР: Ці далучыліся вы да нейкай акцыі падчас фестывалю?
– Так, я падпісала стужачкі, тут можна было падпісаць стужку. Я падпісала сваю стужку Мікіту Залатарову. Можна было напісаць некалькі слоў у падтрымку палітвязняў і завязаць гэтую стужку на такую доўгую вяроўку, якую тут павесілі і палітвязні таксама ў думках з намі. Я таксама са значком кампаніі „Пакуль усе не будуць вольныя”. Мы канешне памятаем пра тых людзей, якія прыносяць сваё жыццё ў ахвяру, будучы закладнікамі рэжыму. Для нас абсалютны прыярытэт – гэта вызваленне палітвязняў. Таму сёння думкамі мы з імі. Таму я і кажу, што гэта можа быць гэта радасць няпоўная, не такая, як была ў студэнцкія часы, калі мы тут слэміліся пад сцэнай „Басовішча”. Тым не менш сёння мы больш стала падыходзім да гэтага, цешымся, што ў гэтыя хвіліны мы можам быць разам, але з іншага боку памятаем пра галоўнае, памятаем пра тых людзей, якія за кратамі.
Фестываль TUTAKA ладзіцца на Беласточчыне ў трэці раз.
Беларускае Радыё Рацыя