Украіна не бачыць пагрозы ўварвання з Беларусі
Ва Украіне на дадзены момант не бачаць пагрозы ўварвання з боку Беларусі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі па выніках сённяшняга пасяджэння стаўкі.
„З улікам дадзеных разведкі і прынятых мер пагроза ўварвання з Беларусі адсутнічае”, – праінфармаваў ён, спаслаўшыся на даклад начальніка ГУР Мінабароны Кірыла Буданава.
Нагадаем, што на фоне навінаў пра магчымае перамяшчэнні ў Беларусь ПВК „Вагнер” Зяленскі даваў распараджэнне ўзмацніць мяжу з нашай краінай. Сёння прадстаўнік Дзяржпагранслужбы таксама заявіў, што на гэты момант, паводле звестак украінскага боку, расейскія падраздзяленні ў Беларусі практычна адсутнічаюць.
У апошнія тыдні паведамлялася, што РФ трымае ў нашай краіне каля 2 тыс. вайскоўцаў, цяпер іх колькасць мінімальная. Разам з тым, Мінабароны Беларусі нядаўна анансавала прыбыццё на беларускія палігоны расейцаў у рамках чарговай ратацыі.