У Мастаўлянах дэлегацыя Вольнай Беларусі ўсклала кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму (абноўлена)



У Мастаўлянах прайшло ўскладанне кветак дэлегацыяй Вольнай Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай ля помніка Кастусю Каліноўскаму.

Святлана Ціханоўская была ў цішотцы Палка Кастуся Каліноўскага і падкрэсліла важнасць асобы Каліноўскага ў барацьбе беларусаў за Вольную краіну ў нашыя дні.

Кажа кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская, якая была апранута падчас урачыстасці ў цішотку з эмблемай Палка Кастуся Каліноўскага:

Я тут першы раз. Вельмі важна наведаць тое месца, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, бо ён наш нацыянальны герой. Нашыя ваяры ва Украіне зараз ваююць пад яго сцягам, так бы мовіць. Канешне ў будучыні кожны беларус павінен сюды прыехаць, каб ушанаваць памяць нашага героя. Каліноўскі аб’ядноўвае некалькі нацый, бо ён змагаўся не толькі за Беларусь. Гэта даказвае, што мы еўрапейская краіна і належым да еўрапейскай сям’і дзяржаў.

Ва ўскладанні кветак прынялі ўдзел Амбсадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі і прадстаўнік НАУ Павел Латушка:

Кастусь Каліноўскі – гэта нацыянальны герой Беларусі, беларускага народу. Гэта асоба, якая пакінула ў гісторыі выключны след, а таксама сёння адыгрывае выключную ролю. Гісторыя нам дэманструе, што гэта асоба з’яўляецца сімвалам вызвалення Беларусі ад расейскай акупацыі, ад гнёту рэжыму Лукашэнкі. Я думаю, што кожны беларус, які апынуўся па-за межамі Беларусі ў Еўропе, перадусім у Польшчы, я б раіў наведаць гэтае месца, ускласці кветкі, паставіць свечку, або проста пастаяць, пакланіцца гэтаму помніку.

Спадар Латушка падзяліўся ўласнымі ўражаннямі ад ўскладання кветак помніку Каліноўскаму, і падкрэсліў неабходнасць найхутчэйшага „сціскання кола вакол Лукашэнкі і прыцягнення  як яго, так і памагатых да адказнасці за ўсе здзейсненыя злачынствы”.

Беларускае Радыё Рацыя