Групы вагнераўцаў ужо ў Беларусі



507-ы дзень вайны. Украінскія памежнікі зафіксавалі на тэрыторыі Беларусі асобныя групы прадстаўнікоў расейскае ПВК «Вагнер». Пра гэта інфармуе Дзяржаўная памежная служба Украіны.

«На цяперашні момант, паводле наяўнай інфармацыі, у Беларусі сталі назірацца асобныя групы прадстаўнікоў прыватных ваенных кампаній, якія перамяшчаюцца з тэрыторыі Расеі», — заявіў прэс-сакратар ДПС Украіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго, памежнікі працягваюць адсочваць абстаноўку, каб зразумець месцазнаходжанне, колькасць і задачы баевікоў.

Раніцай маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў Беларусі заўважылі буйную калону легкавых і грузавых аўтамабіляў ПВК «Вагнер», якая ноччу ўехала ў Беларусь з Расеі ў раёне Крычава» і накіравалася ў бок намётавага лагеру пад Асіповічамі. Паводле звестак праекту, у калоне заўважана мінімум 60 аўтамабіляў, сярод якіх пікапы, буйныя фуры, т.з. «буханкі» і сама меней 3 аўтобусы для перавозкі людзей, яе суправаджала беларускае ДАІ.

Раней Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што байцы ПВК «Вагнера» пачалі навучанне беларускіх вайскоўцаў у лагеры пад Асіповічамі Магілёўскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя