ХІ міжнародны байк-рок фэст “Хавайся ў бульбу” ў Гародні (абноўлена)



Удзельнікі гарадзенскага байк-рок фэсту “Хавайся ў бульбу” не пакінулі па–за ўвагай інцыдэнт, які некалькі дзён таму адбыўся на беларуска-польскай мяжы, калі байкераў з маскоўскага клуба “Начныя ваўкі” польскія памежнікі не ўпусцілі на тэрыторыю Еўразвязу.

Байкерская супольнасць па-рознаму ацэньвае дзеянні польскіх памежнікаў, паводле якіх “Начныя ваўкі” не выканалі ўмовы праезду і знаходжання на тэрыторыі Рэспубліка Польшча.

“У чым пагаджаюцца байкеры з розных краін – у тым, што іх рух павінен быць па-за палітыкай”, – сцвярджае гарадзенец Сяргей Марозаў:

 – На фестываль з’язджаюцца байкеры з абсалютна розных краінаў, з абсалютна рознымі поглядамі – і нармальныя маюць адносіны. Мне падаецца, што гэтая акцыя “Начных ваўкоў” палітызаваная, яны надта яе палітызавалі і зрабілі гэта з мэтай піяру. Таму многія байкеры, у прыватнасці беларускія, прынялі гэту акцыю ў штыкі і не падтрымалі гэтую акцыю. 

Матацыклісты з прапуцінскага байк–клуба “Начныя ваўкі” намагаюцца да 9-га траўня трапіць у Берлін і адсвяткаваць там Дзень перамогі. Польшча і Літва адмовілі ім ва ўездзе, бо лічаць удзельнікаў клуба “Начныя ваўкі” прадстаўнікамі бандыцкіх груповак, якія нясуць небяспеку грамадзянам Еўразвязу.

Вядома, што кіраўніку клуба Аляксандру Залдастанаву (мянушка “Хірург”) забаронены ўезд у Злучаныя Штаты Амерыкі. Ён і яго аднадумцы падтрымалі анэксію Крыма, зарганізаваўшы там “Парад перамогі” неўзабаве пасля заняцця паўвострава расейскімі войскамі.

 * * *

У маляўнічым месцы на беразе Нёмана сабраліся сотні байкераў з Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа – аматары доўгіх падарожжаў і рок-музыкі.

2-х дзённая музычная частка фестывалю складаецца з выступаў расейскіх і беларускіх гуртоў, сярод якіх самыя вядомыя – “Крама”, “Трубецкой”, “Чорны абеліск” і “Мангол Шуудан”.

[Not a valid template]

Па словах аднаго з арганізатараў фестывалю Сяргея Фінскага, фестываль не здарма лічыцца адным з самых цікавых у Беларусі:

– Фестывалі рабілі і да таго, але 10 гадоў таму мы вырашылі надаць яму нейкі статус і накірунак. Чаму выйшла такая назва? Хацелася нечага вясёлага і дадаць крыху народнага фальклору. 

У гэтым годзе арганізатары фестывалю “Хавайся ў бульбу” разлічваюць, што колькасць удзельнікаў перавысіць 1000 чалавек.

Што да гісторыі назвы фэсту, то яна паходзіць ад назвы аднайменнага альбома гурта “Крама”, які пабачыў свет у 2001 годзе.

 Беларускае Радыё Рацыя, Гародня