Святлана Ціханоўская наведала беларускія мясціны Беласточчыны
Падчас свайго візіту на Падляшша ў Польшчы, беларуская лідарка наведала 15-га ліпеня мясціны, якія звязаныя з Беларуссю і беларускай меншасцю.
„Тут вывучаюць беларускую мову нават больш, чым у „лукашэнкаўскіх школах”, – сказала дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы ў Пачатковай школе імя Яраслава Кастыцэвіча з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім.
У школе прайшла сустрэча прадстаўнікоў аб’яднанага пераходнага кабінета з настаўнікамі беларускай мовы ды прадстаўнікамі мясцовага самакіравання:
– Прыемна наведаць школу, дзе навучаюцца беларускай мове не будучы ў Беларусі. Я хачу сказаць, што тут нават больш вывучаюць беларускую мову, чым у „лукашэнкаўскіх школах”. Цяпер беларуская мова стала такім інструментам барацьбы, калі ў Беларусі размаўляюць па-беларуску – гэта знак для сілавікоў, што нешта тут не так. Беларускія падручнікі, кнігі забараняюць, за беларускія песні катуюць. Вельмі важна захоўваць нашу спадчыну, беларускасць, дзе толькі магчыма.
Тым часам Міністэрства адукацыі ў Польшчы ды Падляшская кураторыя асветы хочуць увесці змены ў статуты школаў з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім і Гайнаўцы, каб навучанне беларускай мовы ў школах было не абавязковым. Беларускія арганізацыі ў Польшчы накіравалі ў сувязі з гэтым петыцыю да Міністэрства адукацыі Польшчы.
Таксама Святлана Ціханоўская наведала Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах.
Дырэктар музею Дарафей Фіёнік лічыць, што такія візіты вельмі патрэбнымі:
– Адбудоўваем пэўную беларускую прастору, якая была страшна занядбаная. Тысячы беларусаў, у тым ліку Святлана Ціханоўская, даведваюцца пра беларусаў на Падляшшы. Пра гэта ў Беларусі не вучылі, мы былі Terra inkognita. У Беларусі амаль ніхто не ведаў, што мы тут ёсць, такія самыя і такія іншыя.
Музей малой Бацькаўшчыны падараваў Ціханоўскай сурвэтку вытканую дзецьмі ў музейнай майстэрні, акарынку зробленую мясцовым ганчаром, а таксама некалькі кніг пра Падляшша, якія выйшлі ў кніжнай бібліятэцы Музею малой Бацькаўшчыны.
„Спадзяюся, што некалі ў Залешаны прыедзе прэзідэнт-элект у статусе прэзідэнта Беларусі разам з прэзідэнтам Польшчы”, – сказаў пасля наведання Залешанаў Павел Латушка.
Дэлегацыя Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская і Павел Латушка усклалі бел-чырвона-белыя кветкі каля пакутнага крыжа ў Залешанах.
– Я спадзяюся, што прыйдзе час, калі сюды прыедзе прэзідэнт-элект у статусе прэзідэнта Беларусі, разам з прэзідэнтам Польшчы. Гэта будзе сімвалічнае месца аб’яднання ў сумеснай памяці. Для нас вельмі важна, для дэмакратычных сілаў Беларусі, каб палякі чуліся ў Беларусі, як дома, каб не падвяргаліся ніякім рэпрэсіям. Я перакананы, што для сённяшніх уладаў Польшчы важна, каб беларусы чуліся тут, як дома. Гэта дарэчы дзве меншасці, якія ніколі не павінны быць тэматыкай разладу, яны павінны быць тым, што нас аб’ядноўвае.
Напрыканцы студзеня 1946 году аддзел польскага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса пад мянушкай „Буры”, дашчэнту спаліў гэтую вёску, тады загінула 16-ць чалавек, сярод якіх жанчыны і дзеці.
Забойства мірных жыхароў Залешан было прызнанае ў 2005 годзе Інстытутам нацыянальнай памяці Польшчы злачынствам з прыкметамі генацыду. У чэрвені 2021 году прэзідэнт Польшчы ўшанаваў памяць ахвяраў каля пакутнага крыжа ў Залешанах. У 2019 годзе ахвяр „Бурага” ушанаваў старшыня Савета Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.
Беларускае Радыё Рацыя