Агляд прэсы: А па-іншаму і быць не магло



Найміты ПВК «Вагнера» ўвайшлі ў Беларусь. Каго баіцца Джо Байдэн? Украіна страціла да 20% пастаўленай на фронт ваеннай тэхнікі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Вялікая калона з байцамі прыватнай арміі ПВК «Вагнера» была заўважаная пры ўездзе ў Беларусь з Расеі раніцай у суботу. «Не менш за 60 грузавікоў, аўтобусаў і іншых буйнагабарытных транспартных сродкаў перасеклі тэрыторыю гэтай усходнееўрапейскай краіны ў суправаджэнні беларускай міліцыі», — перадае індыйская газета Mint.

«Калона накіравалася ў бок ваеннай базы пад Асіповічамі, горадам у 230 кіламетрах (142 мілі) на поўнач ад украінскай мяжы. Дыктатар Лукашэнка заявіў, што Менск можа скарыстацца вопытам і ведамі Вагнера, і што ён прапанаваў баевікам разбіць лагер у «закінутай вайсковай частцы». Міністэрства абароны Беларусі паведаміла , што распрацавала з кіраўніцтвам «Вагнэра» «дарожную мапу» сумесных трэніровачных вучэнняў нацыянальных вайскоўцаў і прыватных наймітаў. Тэлеканал, звязаны з міністэрствам, паказаў кадры, як байцы ў чорных масках інструктуюць салдат, як страляць і аказваць першую дапамогу. Як вядома, Лукашэнка заключыў здзелку паміж Прыгожыным і Крамлём, якая засцерагала лідэра ПВК «Вагнер» і яго людзей ад судовага пераследу пасля няўдалага ваеннага мяцяжу, дазваляючы Прыгожыну пераехаць у Беларусь у абмен на вяртанне яго наймітаў у лагеры», — нагадвае індыйскае выданне.

Саміт НАТА ў Вільні завершаны. Галоўнае пытанне: якую карысць ён прынёс Украіне? «Мабыць, адзінае прыкметнае дасягненне – гэта абяцанне паскорыць уступленне Кіева ў Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора. Тэрміны ў Вільні не былі вызначаныя. Зразумела толькі, што гэта адбудзецца пасля заканчэння цяперашняй вайны і пасля выканання Украінай шэрагу ўмоў: набліжэнне яе ўзброеных сіл да стандартаў армій НАТА, узмацненне грамадзянскага кантролю над імі, далейшае ўмацаванне ўкраінскай дэмакратыі, якое прадугледжвае, у прыватнасці, барацьбу з карупцыяй», — паведамляе расейскае незалежнае выданне Grani.ru.

«Насцярожваюць відавочныя падвойныя стандарты. Калі ў НАТА не тое што запрашаліся, а станавіліся паўнапраўнымі членамі некалькі балканскіх краін, то ўзровень адпаведнасці іх узброеных сілаў патрабаванням НАТА быў ніжэйшы, чым цяпер у ВСУ, узровень дэмакратыі там быў не вышэйшы за ўкраінскі, а карупцыя была нават мацнейшай. Відавочна, што прычыны нявызначанасці з запрашэннем Украіны ў альянс звязаныя не з Украінай, а з Расеяй, перад якой усё яшчэ адчуваюць страх урады некаторых краін НАТА, і ў першую чаргу адміністрацыя Джо Байдэна. Невыпадкова Уладзімір Зяленскі перад пачаткам саміту выказаў апасенне, што само запрашэнне Украіны ў НАТА можа стаць прадметам гандлю на перамовах з Расеяй. Прынятыя ў Вільні дакументы аб гарантыях бяспекі Украіне – гэта не больш чым дэкларацыі аб намерах, якія маюць не больш юрыдычнай сілы, чым сумна знакаміты Будапешцкі мемарандум. Не было ў Вільні і аб’яў пра нейкія прынцыпова новыя і буйныя па аб’ёме пакеты ваеннай дапамогі Украіне. Можна адзначыць толькі афіцыйнае фармаванне кааліцыі па навучанні ўкраінскіх пілотаў на F-16, якое павінна пачацца ў жніўні ці ў пачатку верасня ў Румыніі. Аб’ява Байдэна напярэдадні саміту аб пачатку паставак Украіне касетных боепрыпасаў ніяк нельга лічыць нейкім прарывам. На тэмп контрнаступлення ВСУ гэтыя пастаўкі наўрад ці паўплываюць. ВСУ падчас контрнаступлення галоўным чынам даводзіцца мець справу з праціўнікам, які абкапаўся, што памяншае эфектыўнасць касетных снарадаў. Няўжо ў Вашынгтоне яшчэ баяцца, што пастаўкі больш патрэбных дальнабойных ракет ATACMS і F-16 справакуюць далейшую эскалацыю? Мяцеж Прыгожына паказаў, што Пуцін зараз наўрад ці здольны на якую-небудзь эскалацыю», — падкрэслівае расейскае незалежнае выданне.

«За першыя два тыдні ўкраінскага наступлення ВСУ страцілі да 20 працэнтаў ваеннай тэхнікі, у тым ліку заходнія танкі і бронетранспарцёры, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях», — паведамляе амерыканская газета The New York Times са спасылкай на амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.

«Пасля першага ўдару, у выніку якога ВСУ панеслі значныя страты, украінскія вайскоўцы запаволілі наступ, каб ацаніць абстаноўку. У наступныя тыдні ўкраінскае камандаванне змяніла тактыку, а баявыя страты Украіны значна знізіліся, што дазволіла ВСУ захаваць больш войскаў і тэхнікі для буйнога ўдару, што мае адбыцца. Цяпер ВСУ засяродзіліся на вымотванні расейскага войска, у тым ліку пры дапамозе ракетных і артылерыйскіх удараў па тылах. Пры гэтым тэмпы наступлення знізіліся, а на шэрагу напрамкаў яно і зусім спынілася. Пакуль рана рабіць высновы аб контрнаступленні. Страты ВСУ і зніжэнне тэмпаў прасоўвання не азначаюць, што наступленне асуджанае на правал», — адзначае амерыканскае выданне.

Еўрапарламент прыняў законапраект, паводле якога ў ЕС будуць аднаўляцца пашкоджаныя экасістэмы. 336 дэпутатаў прагаласавалі за, 300 – супраць. Еўрапейская народная партыя (ЕНП), Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты (ЕКР) і правае крыло, прадстаўленае фракцыяй Ідэнтычнасць і дэмакратыя (ВД), рашуча выступілі супраць закона. „Падчас галасавання гаворка ішла пра большае, чым толькі абарона клімату», — тлумачыць італьянская газета La Repubblica.

«Спроба еўрапейскіх правых уцягнуць ЕНП у антыэкалагічны крыжовы паход з трэскам правалілася. Беспрэцэдэнтны альянс паміж Еўрапейскай народнай партыяй і антыеўрапейскі настроенымі правымі, як правымі кансерватарамі на чале з Мелані, так і папулістамі-экстрэмістамі Сальвіні і Ле Пэн, не змог зламаць хрыбет ураду ЕЗ. Дзёрзкі праект Вэбера па пазіцыяванні ЕНП як палітычнай сілы, ад якой залежыць вельмі шмат, і здольнай час ад часу фармаваць большасць з правымі або з сацыялістамі, зялёнымі і лібераламі» паведамляе італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя.