Алькарас упершыню стаў пераможцам Уімблдонскага турніру



Іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас упершыню стаў пераможцам Уімблдонскага турніру. У вырашальным паядынку мужчынскага адзіночнага разраду лідар сусветнага рэйтынгу перайграў другую ракетку планеты серба Новака Джокавіча — 1:6, 7:6 (8:6), 6:1, 3:6, 6:4. Сустрэча доўжылася 4 гадзіны 45 хвілін. Для 20-гадовага Алькараса гэта другі тытул на турнірах серыі „Вялікага шлема”, летась ён стаў пераможцам адкрытага чэмпіянату ЗША. Пераможцай жаночага адзіночнага разраду ўпершыню стала чэшская тэнісістка Маркета Ваўндруўшава, якая абыграла ў фінале прадстаўніцу Туніса Унс Джабір. Чэмпіёны 136-га па ліку Уімблдонскага турніру зарабілі па 2 мільёны 350 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Карпіцкі перайшоў у самарскія „Крылы Саветаў“
Найлепшы бамбардзір футбольнага чэмпіянату Беларусі Ягор Карпіцкі перайшоў з салігорскага „Шахцёра” ў самарскія „Крылы Саветаў”. 19-гадовы беларускі нападнік падпісаў з „крыламі” 4-гадовы кантракт, у новай камандзе ён будзе гуляць пад 17-м нумарам. Спартовы дырэктар „Крылаў Саветаў” беларус Сяргей Карніленка адзначыў, што Ягор Карпіцкі вельмі таленавіты і перспектыўны гулец, таму кантракт з ім заключаны на такі працяглы тэрмін. У першым крузе чэмпіянату Беларусі Ягор Карпіцкі правёў за „Шахцёр” 13 матчаў, забіўшы ў іх 12 мячоў. Новы чэмпіянат Расеі стартуе на наступным тыдні. У першым туры „Крылы Саветаў” 22 ліпеня згуляюць у Грозным супраць мясцовага „Ахмата”. У мінулым сезоне самарская дружына фінішавала на 12-й пазіцыі сярод 16 клубаў расейскай прэм’ер-лігі.

Васільеў далучыўся да „Нёмана“ перад матчам у адказ з „Вадуцам“
Абаронца Андрэй Васільеў прыбыў у размяшчэнне „Нёмана“ ў Венгрыі, дзе гарадзенцы рыхтуюцца да матча ў адказ першага кваліфікацыйнага раунда Лігі канферэнцый з „Вадуцам“. 31-гадовы расеец не трапіў у заяўку на пераможную для „Нёмана“ першую гульню ў Ліхтэнштайне з-за праблем з дакументамі, перадае football.by. Цяпер яны вырашаныя, і Васільеў можа згуляць у матчы ў адказ, што адбудзецца ў Дзьеры ў чацвер.

Першы старт Максіма Недасекава пасля перапынку прынёс бронзаваму прызёру АІ-2020 другое месца на Кубку Беларусі
У Берасці прадстаўнік Віцебскай вобласці ўпершыню пасля гадавога перапынку выйшаў у сектар для скачкоў у вышыню, дзе ў лепшай спробе паказаў 2 метры 23 сантыметры. Пераможцам спаборніцтваў стаў Дзмітрый Набокаў, які адолеў 2,26. Трэцяе месца заняў Павел Селіверстаў – 2,20. Адборавы нарматыў на АГ-2024 – 2 метры 33 сантыметры

МАЗ упершыню здабыў перамогу ў ралі „Шаўковы шлях”
Беларускі экіпаж Сяргея Вязовіча ўпершыню святкаваў перамогу ў ралі „Шаўковы шлях“. Да гэтага больш за 10 гадоў першае месца не саступалі расейскія КамАЗы.
Беларусы паказалі вынік 24 гадзіны 22 хвіліны і 14 секунд. Дыстанцыя гонкі склала больш за 5 тысяч кіламетраў. Маршрут пачаўся ў Казані і ахапіў 13 расейскіх рэгіёнаў.
Ралі-рэйд „Шаўковы шлях“ — міжнародны ралі-марафон, які праводзіцца з 2009 года на тэрыторыі Расеі, а таксама — у асобныя гады — краін Цэнтральнай Азіі і Кітая. У ралі спаборнічаюць у чатырох катэгорыях — мота, пазадарожнікі, квадрацыклы і грузавікі.

Беларускае Радыё Рацыя