Чэхія вылучыла ўрадавыя стыпендыі для беларускіх студэнтаў



Сёлета па стыпендыях у Чэхіі пачнуць навучацца 11 чалавек, сярод якіх былыя палітзняволеныя, фізічна пацярпелыя ад рэжыму, а таксама актывісты і актывісткі, паведамляе Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.

Як вядома, Беларусь апошнім часам не была ў спісе краін-рэцыпіентаў чэшскіх урадавых стыпендый, але дзякуючы намаганням беларускіх дэмакратычных сілаў гэта атрымалася памяняць. Ужо сёлета 11 студэнтаў змогуць распачаць навучанне са стыпендыяльнай падтрымкай. Большасць з іх мовай навучання абралі чэшскую. Некалькі чалавек будуць навучацца на англійскай мове.

На наступны навучальны год для грамадзян Беларусі прадугледжана 5 урадавых стыпендый для навучання на англійскай мове.