Расея заявіла пра выхад са “збожжавай здзелкі”
Расея заявіла аб прыпыненні ўдзелу ў збожжавым пагадненні, якое дазваляла экспартаваць украінскую прадукцыю. “Дамоўленасці фактычна спынены, пагадненне спыненае”, — сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Таксама прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава паведаміла, што Расея афіцыйна апавясціла Турцыю і Украіну, сакратарыят ААН аб яе пярэчанні супраць падаўжэння збожжавага пагаднення, якое дазваляла экспартаваць украінскую харчовую прадукцыю найбяднейшым краінам Азіі і Афрыкі.
Дамова акрэслівае правілы вывазу збожжа праз тры ўкраінскія парты на Чорным моры. Яе падпісалі Кіеў і Масква пры пасярэдніцтве ААН і Турцыі.
Белгазпрамбанк прапануе фізічным асобам карткі ў юанях
Белгазпрамбанк паведамляе, што цяпер фізічныя асобы могуць не толькі адкрываць бягучыя рахункі ў юанях, але і афармляць да іх практычна любыя аплатныя карткі. Такая інфармацыя апублікаваная на сайце фінансавай установы.
Папоўніць картку і рахунак можна некалькімі спосабамі, у тым ліку праз банкаматы. Таксама аперацыю можна правесці праз касы банка. Калі ўладальнік папаўняе гэту картку — у яго прымуць любую наяўную валюту, у тым ліку беларускія рублі. Без карткі папоўніць рахунак у касе можна толькі юанямі. Пералічыць грошы можна таксама па банкаўскіх рэквізітах, у дыстанцыйных сэрвісах або плацежных праграмах іншых банкаў.
На прылаўках не хапала солі, цукру, запалак
Галоўнае ўпраўленне МАРГ па Гомельскай вобласці праверыла, як вядзецца гандаль на сяле ў Жлобінскім раёне. Як піша „Гомельская праўда”, маніторынг праводзіўся ў невялікіх населеных пунктах. Галоўны акцэнт рабіўся на тым, ці забяспечаны мясцовыя жыхары неабходнымі прадуктамі, ці не прадаюць ім пратэрміноўку і немаркіраваны тавар.
Так, у невялікай краме ў Пірэвічах праблемы выявіліся праз некалькі хвілін: на прылаўках не хапала солі, цукру, запалак, гародніны. Разам з тым было высокае невыкананне асартыменту айчынных тавараў. Не было беларускай карамелі, мармеладу, зефіру, бісквіту, мукі, воцату, алею. Свежы хлеб прадавалі жыхарам да таго, як устанавілі цэннік. Крама ў вёсцы Антонаўка, мела шмат тавараў, прымальныя цэны, у памяшканні чыста. Хоць не абышлося без недахопаў: сухары неспадзявана „памерлі” тыдзень таму. Бракавала і айчынных прадуктаў.
У палове гаспадарак камбайны не гатовыя да жніва
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю праверылі больш за сто сельгасарганізацый Беларусі, і аказалася, што ў кожнай другой гаспадарцы частка камбайнаў не гатовая да выхаду ў поле.
У ходзе праведзенага на мінулым тыдні маніторынгу ў кожнай другой са 101-ой правераных гаспадарак выяўлены факты недастатковай гатоўнасці камбайнаў, у 19-ці не былі гатовыя зернесушыльныя комплексы, у асобных арганізацыях не гатовыя складскія памяшканні. Напрыклад, у гаспадарцы “Лепяшынскі” (Гомельская вобласць) палова камбайнаў не гатовая выйсці ў поле, тэхніка не ачышчаная ад леташняй травы, няма запасу паліва. А галоўнае — не да канца вырашана пытанне з наяўнасцю спецыялістаў”, — адзначылі ў сюжэце tvr.by.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота мае ілюстрацыйны характар.