Беларускі прайгралі футбалісткам Узбекістана ў таварыскім матчы



Футбалісткі зборнай Беларусі пацярпелі паразу ад каманды Узбекістана ў другім таварыскім матчы. У Баранавічах беларускі саступілі паўднёўкам з лікам 1:2. У першым тайме гаспадыні гулялі вельмі марудна і дазволілі суперніцам двойчы забіць у браму Наталлі Васкабовіч. Абодва мячы забіла Людміла Карачык, якая вызначылася на 10-й і 45-й хвілінах сустрэчы. Пасля перапынку беларускія футбалісткі сталі дзейнічаць больш актыўна, але змаглі адыграць толькі адзін мяч – на 81-й хвіліне гол забіла Анастасія Кавалёва.

У першым спарынгу, які адбыўся 14 ліпеня ў Барысаве, падначаленыя Юрыя Малеева святкавалі валявую вікторыю з буйным лікам 4:1. У рэйтынгу ФІФА жаночая зборная Беларусі зараз займае 57-е месца, Узбекістан на 49-й пазіцыі. Для беларусак паядынкі з узбекскай зборнай сталі адным з этапаў падрыхтоўкі да старту ў першай у гісторыі жаночай Лізе нацый УЕФА.  

Албанскія СМІ звярнулі ўвагу на каціроўкі букмекераў

Сёння барысаўскі БАТЭ ў 1-м кваліфікацыйным раундзе Лігі чэмпіёнаў правядзе сустрэчу ў адказ з „Партызані”. Гульня адбудзецца ў Венгрыі, на гарадскім стадыёне ў Мезекевешдзе (без гледачоў), і пачнецца ў 21.00 па беларускім часе. Першы паядынак завяршыўся нічыёй – 1:1.

Албанскія сайты адзначаюць, што ў адрозненне ад першага матча, калі фаварытам лічыўся „Партызані”, на гэты раз букмекерскія канторы ацэньваюць шанцы на праход барысаўчан як больш высокія – прыкладна 2.5 супраць 2.95.

Клімовіч вярнуўся ў Венгрыю

Хаўбек зборнай Беларусі падпісаў кантракт з венгерскім клубам „Дыяш’ер” – пераможцам другога дывізіёна мясцовага чэмпіянату па выніках мінулага сезона. Гэта не першы венгерскі клуб у кар’еры Клімовіча: год таму ён выступаў за „Дзірмот”. Апошняй камандай Уладзіслава была кіпрская „Неа Саламіна”.

Экс-абаронца маладзёжнай зборнай Габона блізкі да пераходу ў „Гомель”

Вівьен Анамеравані можа з’явіцца ў чэмпіянаце Беларусі, паведамляе  тэлеграм-канал „Вуха”. Гульцу 22 гады. У мінулым сезоне ён выступаў за „Дынама-Аўта” у Малдове. У складзе гэтай каманды габонец правёў 23 матчы ва ўсіх турнірах і забіў адзін гол. Transfermarkt ацэньвае футбаліста ў 25 тысяч еўра.

Хакеісты менскага „Дынама” пачалі трэніроўкі перад новым сезонам КХЛ

Гульцы менскага хакейнага клуба „Дынама” пачалі трэніроўкі перад чарговым сезонам Кантынентальнай хакейнай лігі, паведаміла  прэс-служба сталічнай каманды. „Хакеісты „Дынама-Менск” пачалі трэніроўкі на лёдзе перад стартам новага сезона КХЛ”, – гаворыцца ў паведамленні.

Там таксама адзначаецца, што на дадзены момант запланавана сем таварыскіх матчаў. Першы 31 ліпеня – супраць „Адмірала” з Уладзівастока

Усе матчы пройдуць у Менску. У прэс-службе ўдакладнілі, што ў расклад могуць быць змены, пра іх заўзятарам паведамяць дадаткова.

Старт рэгулярнага чэмпіянату КХЛ сезона 2023/24 запланаваны на 1 верасня. „Зубры” сезон пачнуць выязной серыяй, першая гульня адбудзецца 2 верасня з „Нафтахімікам” у Ніжнякамску.

Беларускае Радыё Рацыя