Павел Латушка: Рыхтуем дасье на тэму, звязаную са злачынствамі супраць чалавечнасці рэжыму Лукашэнкі



Госць Рацыі — намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: Хацелася б з вамі абмеркаваць беларускі спецыфічны шоў-бізнес. Не было б так смешна, калі б не было так страшна. З’явілася інфармацыя пра выказванні сясцёр Груздзевых, яны вельмі нецензурна выказваліся перад дзецьмі. Ёсць інфармацыя, што там былі і дзеці з Украіны, якіх вывез рэжым Аляксандра Лукашэнкі. І яны сабе дазволілі вельмі ганебныя выказванні. Як на гэта рэагуе НАУ?

Павел Латушка: У нас, у беларусаў, ёсць такая практыка, яшчэ з постсавецкага перыяду, што ў нас цікаўнасць праяўляецца толькі тады, калі штосьці звязана з замежнай прэсай. Усе гэтыя відэаматэрыялы былі апублікаваныя на сайце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення яшчэ 27 чэрвеня, як раз у той дзень, калі мы ў офісе пракурора Міжнароднага крымінальнага суду перадалі ўсе доказы і матэрыялы, сабраныя камандай НАУ, у тым ліку і «звёзднага выступу» сясцёр Груздзевых, дзе яны фактычна заклікаюць да фізічнай ліквідацыі прэзідэнта ЗША і прэзідэнта Украіны і праслаўляюць Пуціна. Сапраўды, трэба было дачакацца публікацыі ў «Тэлеграфе», каб прэса звярнула на гэта ўвагу, у тым ліку і нашая дэмакратычная.

Мы сёння апублікавалі і больш шырэйшае відэа, дзе ёсць і іншыя прапагандысты, якія ўдзельнічаюць у гэтым канцэрце перад украінскімі дзецьмі. На тэлеграм-канале НАУ гэта можна паглядзець. Таксама на нашым сайце НАУ можна знайсці публікацыю дакументаў, якія падпісваў былы амбасадар Расеі у Беларусі, а сёння дзяржаўны сакратар так званай Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезінцаў па фактах, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Мы будзем і далей публікаваць гэтыя матэрыялы, у тым ліку якія былі прынятыя Лукашэнкам. Ён падпісваў гэтыя дакументы ў Маскве.

Прапагандысты спрабуюць памяняць ментальнасць украінскіх дзяцей, каб яны ненавідзелі Украіну, каб яны нават не ведалі, што ёсць такая дзяржава. Вось гэтую мэту ставіць рэжым Лукашэнкі і Расеі дзеля таго, каб пазней гэтыя дзеці, нават вярнуўшыся на тэрыторыю Украіны, выкарыстоўваліся ў сваіх ідэалагічных, імперскіх мэтах. На жаль, гэта ўсё злачынства.

Мы не стаім толькі на гэтай тэме. Бо і сёння мы камунікуем у Варшаве з рознымі міжнароднымі юрыстамі, і мы размаўляем пра яшчэ два накірункі. Адзін з іх я магу агучыць. Гэта тэма, звязаная са злачынствамі супраць чалавечнасці. Гэта вялікае дасье, якое рыхтуем мы зараз сумесна з літоўскімі партнёрамі, з міжнароднымі юрыстамі, па фактах злачыства супраць беларускага народа. І намі апісана больш за тысячу фактаў злачынстваў супраць чалавечнасці. Шэраг гэтых злачынстваў падпадаюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя