Чаму маўчыць Ватыкан пра Беларусь?
У менскім Катэдральным касцёле правялі ператрус 13-14 ліпеня, цяпер мы дазналіся. Перад тым было затрыманне і арышт каталіцкага верніка і выкладчыка катэхізісу Уладзіслава Беладзеда, а таксама адстаўка пробашча, кс. Антонія Клімантовіча, – паведамляе рэсурс «Хрысьціянская візія».
У Беларусі адбываецца маштабная трагедыя – масавыя рэпрэсіі. Але мы жывем у першай чвэрці ХХІ стагоддзя. А гэта значыць, што як няма карцінкі, то няма нічога. І пра Беларусь забыліся. А якая карцінка падчас фактычнай акупацыі?
Гэта прыблізна як у тых самых карных органаў любімая прымаўка «нету тела – нету дела».
Ад 2020 году і да сёння рэпрэсавалі і рэпрэсуюць святараў усіх хрысціянскіх канфесій, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.
Лік ідзе на дзясяткі людзей.
Але я не магу ўявіць, што лукашысты палезуць калупацца ў Катэдральны сабор Расейскай праваслаўнай царквы, які там жа, недалёка, праз плошчу Свабоды ў Менску.
Як калісь было «народ и пратия едины», гэтак сёння РПЦ і ўлада разам. Зрэшты, у Расеі гадоў пяцьсот ужо так. А ў Беларусі адносна нядаўна – з прыходам да ўлады Лукашэнкі.
Праваслаўных цэркваў у свеце больш за два дзясяткі. Пратэстанскіх і нэапратэстанскіх прыблізна столькі ж.
І толькі рыма-каталіцкі касцёл адзіны сам па сабе. Адзін мільярд трыста мільёнаў – гэта вернікі, якія ачоленыя Папам Рымскім на ўсіх кантынентах Зямлі, улучна з Антарктыдай.
Заўважце, я не сказаў на пачатку падрабязнасці ператрусу, бо гэта ўжо дэталі. У Беларусі, калі хтосьці пытаецца «за што затрымалі» і справа не адкрыта крымінальнага характару, такі чалавек успрымаецца як вельмі наіўны.
Ідзе тэрор. Ён ідзе ад 1994 году, але пакуль гаворым пра апошнія тры гады – пра самы цынічны масавы гвалт ад часоў нацысцкай акупацыі.
Я маю на ўвазе публічны гвалт. Адмыслова напаказ.
Дастаткова было б аднаго кароткага выступу цяпер дзейнага Папы Рымскага Францішка, каб мінімум больш за мільярд каталікоў пачулі, што ў Беларусі ідуць масавыя рэпрэсіі хоць бы толькі супраць каталіцкіх святароў.
Пасля дадаць, што супраць усіх хрысціян і наагул грамадзянаў.
Чаму так не робіцца? Вялікая палітыка? Беларуссю ахвяруюць? Ці пакідаюць на дэсерт змагання з Крамлёўскай пагрозай для ўсяго свету?
Чаму маўчыць Ватыкан пра Беларусь? Гэта не рытарычнае пытанне. Відаць, ідзе працэс у кулуарах вялікай палітыкі.
Вернікі не партыйцы, а Ватыкан не ЦК КПСС, таму масавы зварот не атрымае.
Але беларусы замежжа маглі бы сабраць не адну тысячу подпісаў на адрас Папы Францішка.
Бо пакуль беларусы ў Беларусі выглядаюць як удзельнікі Варшаўскага паўстання – гераічна, але самотна.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя