Агляд прэсы: Прылада вайны
Новы пакет санкцый для Беларусі. Паўторны падрыў Крымскага маста. Расея не пайшла на збожжавую здзелку. Еўразвяз заключыў з Тунісам пакт аб міграцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Да 9 жніўня Еўрапейскі звяз мае намер прыняць новы пакет санкцыяў у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі», – паведамляе нямецкае выданне DW у Брусэлі.
Па інфармацыі высокапастаўленага чыноўніка ЕЗ, паралельна ідзе абмеркаванне яшчэ аднаго пакета санкцый, звязанага з саўдзелам Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Брусель не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі. На гэты момант у дачыненні да беларускіх уладаў уведзены шэсць пакетаў санкцый, апошні быў прыняты каля года таму.
***
Керчанскі мост быў падарваны ў другі раз: па ўсёй бачнасці, пры дапамозе надводных дронаў. У той час як чыгунка на мосце не была пашкоджана, рух па аўтамагістралі спынены ці, прынамсі, абмежаваны. У выніку падрыву загінула сужэнская пара з Белгарада, якая ехала ў аўтамабілі на адпачынак. Аглядальнікі абмяркоўваюць мэту падрыву і прычыны, па якіх пацярпелі мірныя жыхары. «Падрыў Крымскага моста павінен натхніць украінцаў», – лічыць брытанская газета The Independent.
«Удары ўкраінскіх беспілотнікаў па Крамлю, напады расейскіх ваенізаваных фармаванняў у выгнанні, неардынарная спроба маршу на Маскву баевікоў «Вагнера» Яўгена Прыгожына – усё гэта прынесла вайну і ў Расею. Падрыў моста – яшчэ адзін напамін аб тым, што канфлікт не вядзецца толькі за межамі Расеі. Далёка не факт, што Украіне ўдасца вярнуць Крым. Але ва ўмовах, калі цяперашні наступ працягваецца, а тэрыторыі адваёўваюцца павольна і з цяжкасцю, падрыў Керчанскага маста – гэта магутны знак, які падвышае маральны дух украінцаў», – падкрэслівае брытанскае выданне.
***
Тэрмін дзеяння здзелкі па экспарце ўкраінскага збожжа, якая працягвалася некалькі разоў за апошнія месяцы, скончыўся ў мінулы панядзелак пасля таго, як Масква адмовілася падоўжыць яе зноў. Бакі, якія выступаюць пасярэднікамі паміж Украінай і Расеяй, – Турцыя і ААН, маюць намер прадоўжыць перагаворы. Еўрапейская прэса ацэньвае новы паварот спраў. «Пуцін спрабуе выкарыстоўваць збожжавую здзелку ў якасці сродку ціску», – заўважае французская газета La Croix.
«Пагадненне патурае прапагандысцкай кампаніі з боку Масквы, паводле якой менавіта санкцыі Захаду блакуюць экспарт. Для Пуціна гэта таксама сродак займець новых партнёраў у Афрыцы і кожны раз пры падпісанні новай дамовы абумовіць яе ўсё даўжэйшым спісам патрабаванняў, некаторыя з якіх не маюць нічога агульнага з рэальным прадметам дамовы! Са старажытных часоў вядома, што пшаніца з’яўляецца выдатнай дыпламатычнай прыладай улады. Масква ж з цынічнай падачы Уладзіміра Пуціна выкарыстоўвае яе як прыладу вайны», – канстатуе французскае выданне.
***
ЕЗ падпісаў з Тунісам пагадненне, мэта якога – стрымліванне міграцыі па Міжземным моры. У абмен на фінансавую дапамогу ў памеры да 900 мільёнаў еўра Туніс абавязваецца прыняць больш жорсткія меры супраць нелегальных перавозчыкаў людзей і супраць пазапраўнага пранікнення мігрантаў на тэрыторыю Еўропы. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці спрацуе такая здзелка з недэмакратычным прэзідэнтам, і што ўсё гэта ў выніку азначае для правоў чалавека. Аўстрыйская газета Kleine Zeitung піша пра тое, што захаванне правоў чалавека неабходна кантраляваць.
«Калі ЕЗ настроены сур’ёзна і яго маральны компас усё яшчэ працуе, то здзелкі з трэцімі краінамі павінны заключацца такім чынам, каб ЕЗ мог ажыццяўляць кантроль і ўплыў, а мільёны з падатковых паступленняў выдзяляліся б толькі ў тым выпадку, калі мэты пагаднення дасягнуты. Пад гэтым маюцца на ўвазе як захаванне правоў чалавека, так і стаўленне, якое не зневажае чалавечую годнасць. У любым выпадку, мы павінны ўсведамляць, што Еўропа ўручае краінам Паўночнай Афрыкі не толькі вялікія грошы, але і інструмент улады. Такім чынам, ЕЗ ступае на слізкі дыпламатычны лёд – паўпроста пасярод пустэльні», – наракае аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.