„Вагнераўцы ў Беларусі” як ваенная хітрасць Лукашэнкі
У Беларусь прыбылі дадатковыя дзве з лішкам тысячы «вагнераўцаў». Самае фантастычнае тлумачэнне для чаго гэта трэба, даюць крамлёўскія прапагандысты. Адзін з іх заяўляе, што для прарубкі Сувальскага калідору. Гэта невялікая паласа тэрыторыі Літвы побач з польскім горадам Сувалкі, якая вядзе да Калінінградскай вобласці Расеі.
Я ў падлеткавым узросце любіў фантастыку. Не блытаць з фэнтэзі. Фантастыка базуецца на пэўнай навуковай тэорыі. А фэнтэзі – гэта чыстае казачніцтва.
Яшчэ нядаўна крамлёўскія прапагандысты выглядалі як людзі, якія базуюць свае тэзісы на не даказаных, але абгрунтаваных тэорыях.
Напрыклад, што ў Расеі другая па магутнасці пасля ЗША армія ў свеце. Палезлі ва Украіну, і міф развеяўся.
Як развеяўся міф пра ўсёмагутнасць Крамля ўнутры Расеі. Прыгожын з кумпаніяй зрабіў захоп Растова і паход на Маскву, і? Нібыта ўсемагутны Крэмль штосьці прамямліў невыразнае, і канец.
Лукашэнка, які ўсё сваё палітычнае жыццё ставіў на Крэмль, убачыў для сябе новыя магчымасці.
А давайце я буду прадаваць у Маскву сваю новую лаяльнасць. І запрасіў «вагнераўцаў» на сваю тэрыторыю.
Камбінацыя такая. «Вагнераўцы» па дакументах – не расейскія і не рэгулярныя войскі. Гэта як бы не расейская вайсковая прысутнасць. Пры гэтым усе разумеюць, што яны праект Крамля.
Для Крамля выгада ў тым, што з падкантрольнай яму тэрыторыі знікла частка кваліфікаваных і аб’яднаных бандытаў.
Бо па логіцы іх бы варта ўсіх забраць за краты, бо мяцеж з мэтай скінуць законную ўладу – гэта цяжкое злачынства ў кожнай краіне.
Але «вагнераўцы» – куміры мільёнаў расейцаў.
Таму зроблены такі вось ход канём, выгадны і Пуціну і Лукашэнку.
Для Пуціна знікае аб’ект супрацьстаяння.
Для Лукашэнкі новая праява лаяльнасці ўжо не Пуціну, а ўсёй Расеі, якая ў большасці і за Крэмль і за «вагнераўцаў».
І фэнтэзі пра Сувальскі калідор.
Насамрэч, часта фэнтэзі бяруцца як падмурак для рэальных дзеянняў.
Напад на Украіну ў 2014 годзе базаваўся на чыстым фэнтэзі. Маўляў, раз на той момант 60% украінцаў былі расейскамоўнымі, то яны бы з кветкамі сустрэлі расейскія войскі.
Тое самае фэнтэзі, толькі від з боку, падштурхнула Крэмль да распальвання поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе. Следам за танкамі ехалі грузавікі з параднай формай для ўрачыстасцяў у цэнтры Кіеву.
Чаму б не ўтылізаваць тых «вагнераўца», закінуўшы іх з дыверсіяй пад агонь войскаў NATO?
Крэмль ні пры чым, ён як бы сам ахвяра «вагнераўцаў».
Лукашэнка ні пры чым, бо баевікі не ягоныя.
Заадно можна праверыць на колькі слабыя ці не слабыя нервы ў палітычнага кіраўніцтва ЕС і NATO.
У кожным разе мы назіраем падрыхтоўку да новага вострага вітка канфлікту, які Крэмль развязаў супраць Захаду. А заадно і супраць сябе.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя