Агляд прэсы: Гандаль блефам
Лукашэнка і ягоныя Бармалеі без Афрыкі. Расея выйшла са збожжавай здзелкі. Перспектывы выбараў у Гішпаніі. Вынікі саміту ЕЗ-CELAC. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Пуцін не паедзе ў ПАР на саміт БРІКС. Хаця даўно спаборнічае з афрыканскімі дыктатарамі. «Пуцін ужо выцер ногі аб правасуддзе ПАР, прытуліўшы ў сябе былога прэзідэнта гэтай краіны, Джэйкаба Зуму, з якім у яго цесныя карупцыйныя сувязі. Зума асуджаны на радзіме, яго датэрміновае вызваленне прызнана судом незаконным. Цяпер ён з Расеі прымае ўдзел у зімбабвійскай відэаканферэнцыі па вугляродных крэдытах, прадстаўляючы чамусьці беларускую кампанію. Вось была б пацеха, калі б Пуцін не вярнуўся з Ёханэсбургу, а на гаспадарцы застаўся Зума», — іранізуе расейскае незалежнае выданне Grani.ru.
«Калі без жартаў, то дзіўна і сумна, што Пуцін баіцца Прыгожына ці ледзь не больш, чым сусветнай супольнасці. Але ўжо як ёсць. Гэта пытанне да сусветнай супольнасці. Зрэшты, баіцца ці не, а пад міжнародным ордэрам яму неяк няўтульна. А тут яшчэ еўрапарламентарыі заклікалі выдаць аналагічны ордэр на арышт Лукашэнкі. Не выключана, зрэшты, што Лукашэнка з Пуціным самі пакляліся адзін аднаму ніколі не раставацца і змацавалі клятву крывёй. «Здалі» Лукашэнку свае ж. Спачатку паралімпіец Аляксей Талай расказаў дзяржаўнаму інфармагенцтву, што Лукашэнка асабіста прымаў рашэнне аб вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь. Доказы сабраў адыёзны прапагандыст Рыгор Азаронак. Падчас паездкі на Данбас ён узяў інтэрвію ў прадстаўніка мясцовай акупацыйнай улады, які пацвердзіў факт вывазу дзяцей у Беларусь. Калі Лукашэнку моцна захочацца куды-небудзь з’ездзіць, калі на яго таксама выдадуць ордэр, ён зараз зможа пагражаць ядзерным ударам. Як і Пуцін пагражаў ПАР вайной і голадам усёй Афрыцы, выйшаўшы са збожжавай здзелкі. Пасля чаго ўжо дзве ночы запар Расія наносіць удары па Адэскім порце, у выніку якіх разбураны збожжавыя і сланечнікавыя тэрміналы. Але зноў да гэтага Бармалея з усіх бакоў пабеглі з угаворамі, каб ён не еў маленькіх дзяцей. Але ж Расея гатова абрынуць гэты свет у тартарары, ужо нямала атрымала поспех у гэтым і давядзе справу да канца, калі ў адказ на міжнародны тэрор яе прадоўжаць угаворваць», — піша расейскае незалежнае выданне.
Тэрмін дзеяння здзелкі па экспарце ўкраінскага збожжа, якая працягвалася некалькі разоў за апошнія месяцы, скончыўся ў мінулы панядзелак, пасля таго, як Масква адмовілася падоўжыць яе зноў. Украіна мае намер працягваць пастаўкі, ужо без гарантый бяспекі. «Рашэнне Расеі зусім не абавязкова азначае канец здзелкі як такой», — канстатуе нямецкая газета taz.
«Калі Расея больш не жадае прымаць удзел у пагадненні, то іншыя краіны і ААН, якія ўяўляюць сабой сусветную супольнасць, павінны экспартаваць збожжа напрамую з Украіны. Расея не будзе абстрэльваць гэтыя збожжавозы. І перш за ўсё , калі гэтыя судны ходзяць пад сцягам краіны, якая не з’яўляецца ворагам Расеі, напрыклад, Егіпта, Кітая, ПАР або Бразіліі. У той жа самы час неабходна падтрымаць такія краіны, як Бразілія, Паўднёвая Афрыка і Кітай, у фінансаванні высокіх выдаткаў на страхаванне такіх судоў. Калі ёсць грошы на ўзбраенне, то павінны знайсціся сродкі і на страхаванне збожжавозаў!», — заклікае нямецкае выданне.
Згодна з апытаннямі, пасля парламенцкіх выбараў у Гішпаніі, якія павінны прайсці ў нядзелю, урад можа змяніцца. Калі кансерватыўная Народная партыя пад кіраўніцтвам апазіцыянера Альберта Нуньеса Фейхоа атрымае перамогу, то пры падтрымцы правапапулісцкай партыі Vox яна можа прыйсці на змену прэм’ер-міністру ад сацыялістаў Пэдра Санчэсу і яго кааліцыі левых сіл. Аглядальнікі разважаюць аб наступствах магчымага зруху направа. «Партыі Vox атрымалася ператварыць выбары ў рэферэндум з ухілам у тэму нацыянальнага гонару», — такія асцярогі выказвае гішпанская газета El País.
«23-га ліпеня мы выбіраем не проста старэйшага грамадскага мэнэджэра, але першасвятара нашай Айчыны. Каб атрымаць перамогу на выбарах, неабходна ўявіць сябе ў якасці прыхільніка нацыянальнай рэлігіі. Менавіта ў гэтым і заключаецца праблема прагрэсістаў: у краіне, дзе большасць галасуе за левацэнтрыстаў і станоўча ставіцца да сацыяльнай і эканамічнай палітыкі ўрада, існуе рэальная небяспека яго паражэння. Многія выбаршчыкі лічаць, што ўрад не абараняе «агульную веру» ад патрабаванняў сепаратыстаў. Ці з’яўляецца гэта памылкай? Магчыма, але ў такім выпадку ўрад нічога не робіць для яе выпраўлення», — адзначае гішпанскае выданне.
На трэцім саміце ЕЗ і Супольнасці краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAC) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕЗ, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна дамовіліся аб больш цесным супрацоўніцтве. Пры гэтым размова перш за ўсё ідзе аб больш шчыльнай кааперацыі ў галіне здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама аб барацьбе са змяненнямі клімату. Сумесную дэкларацыю аб асуджэнні расейскай вайны ва Украіне падпісаць не ўдалося. Аглядальнікі падводзяць вынікі саміту. Гішпанская газета La Vanguardia прызнае значэнне дадзенай дамовы, якое выходзіць далёка за рамкі асобных рэгіёнаў.
«Над заключным камюніке саміту працавалі доўга і пакутліва. На працягу васьмі гадоў два рэгіёны старанна адварочваліся адзін ад аднаго. Цяпер жа сустрэча пад эгідай іспанскага старшынства ў Савеце ЕЗ ясна прадэманстравала, што абодва бакі з’яўляюцца не толькі натуральнымі, але і свядома абранымі партнёрамі. Еўропа і Супольнасць краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAC) ведаюць, што стратэгічны саюз – найлепшы шлях да шматпалярнага свету, які можа дапамагчы пазбегнуць прамой канфрантацыі паміж ЗША і Кітаем», — канстатуе гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя