Вучэнні беларускага міністэрства абароны з тэрарыстамі
Вайсковае фармаванне «Вагнер» прызнанае заходнім светам як тэрарыстычная арганізацыя. Міністэрства абароны анансавала сумесныя з «вагнераўцамі» вучэнні на палігоне «Брэсцкі» каля мяжы з Польшчай.
Лукашэнка працягвае зацягваць простых беларусаў у варонку саўдзелу ў злачынствах.
Працытую з тэлеграм-каналу Міністэрства абаронцы: «Ва ўмовах геапалітычнай сітуацыі, якая склалася, рэальны баявы досвед, які мае ЧВК «Вагнер», – гэта магчымасць развіваць курс, які беларуская армія ўзяла на мадэрнізацыю, пераабсталяванне і хуткае ўкараненне досведу сучасных ваенных канфліктаў у праграму падрыхтоўкі».
Хачу перадаць вялікае «прывітанне» усім беларускім людзям у форме, якія трэніруюцца пад кіраўніцтвам «вагнераўцаў». Гэта прыблізна як бы вы трэніраваліся з талібамі з «Ісламскай дзяржавы».
Праўда, там бы беларусаў навучылі як адразаць галовы, а ў выпадку з бандытамі з Расеі можна навучыцца правільна забіваць людзей кувалдамі.
Трэба разумець, што баявы досвед наёмнікаў з «Вагнера» базуецца на тэхналагічным вяршэнстве над сваімі афрыканскімі братамі па духу. Такімі самымі бандытамі, ад якіх расейцы баранілі і бароняць мясцовых царкоў.
Ва Украіне Прыгожын па ягоных словах згубіў 20 000 забітымі і 40 000 параненымі. 60 000 – гэта прыблізная колькасць усёй беларускай арміі разам з кухарамі, пісарамі і работнікамі складоў.
Усе поспехі «вагнераўцаў» ва Украіне – пакласці эквівалент беларускай арміі, каб захапіць невялічкі гарадок Бахмут, зруйнаваны ўшчэнт.
Ведаючы слабы патэнцыял як беларускай арміі, так і «вагнераўцаў», польскі бок рэагуе вельмі спакойна на планаваныя вучэнні побач са сваёй мяжой.
Цытую словы з рэлізу Міністэрства абароны Польшчы паводле агенцтва Reuters: «Межы Польшчы ў бяспецы, мы пастаянна сочым за сітуацыяй на нашай усходняй мяжы і гатовыя да розных сцэнароў па меры развіцця сітуацыі».
Розныя крыніцы прагназуюць да 10 000 расейскіх наймітаў, якія прыбудуць у Беларусь.
Шмат задаецца пытанняў за чый кошт банкет?
Але больш важны аспект, як па мне, мае псіхалагічны характар.
Я разумею, што ў беларускім войску хапае прыхільнікаў Крамля, Пуціна і адначасова «вагнераўцаў». Яны не зазіраюць глыбока ва ўнутрырасейскія разборкі. Для іх гэта ўсё «брацця».
Але для большай часткі армейцаў, мяркую, згодна простай логікі, «вагнераўцы» нават не вайскоўцы. А менавіта бандыты-найміты. І пры гэтым чужынцы.
Таму хваласпевы на адрас людзей, якія толькі нядаўна кінулі пазіцыю на фронце, і пайшлі на сваю сталіцу ладзіць захоп улады, такія хваласпевы наўрад ці ўнутры Беларусі радасна ўспрымуць нават прыхільнікі Лукашэнкі.
Спектакль «вагнераўцаў» у Беларусі толькі пачынаецца.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя