Працэс над журналістам Мажэйкам і адвакаткай Юргілевіч перанеслі



Працэс над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч перанеслі на наступны тыдзень. Раней пракурор запатрабаваў для палітвязняў 6 гадоў зняволення, паведамляе belsat.eu.

Падчас судовага паседжання над журналістам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч пракурор Дзмітрый Сініла прынёс раздрукоўку артыкулаў «Белсату», паводле якіх вязняў судзяць. У абвінавачванні агучваецца, што нібыта Павел Мажэйка з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юліі Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката і выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні Алеся Пушкіна і прызначэння яму пакарання.

Суддзя і пракурор зразумелі, што час у Польшчы і Беларусі адрозніваюцца. Таму яны цяпер высвятляюць з праграмістам, калі паводле беларускага часу артыкул быў апублікаваны. Пасля гэтага будуць вырашаць, ці варта далучаць да справы.

Раней пракурор запатрабаваў для палітвязняў 6 гадоў калоніі кожнаму.