Агляд прэсы: Бараніцца пры мажлівасці
Прыгожын абжываецца ў Беларусі пасля правалу Вагнера. Пуцін не прыедзе на саміт БРІКС. Лясныя пажары ў Грэцыі: ці можна было іх пазбегнуць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амаль праз чатыры тыдні пасля няўдалага перавароту Яўген Прыгожын, лідэр групы Вагнера, нарэшце зноў з’явіўся на публіцы. На відэа бачна, як камандзір наймітаў, відаць, вітае новапрыбылых байцоў у вайсковым лагеры ў Беларусі і хваліць іх за намаганні на перадавой ва Украіне.
«Відэа было зроблена ў апошнія дні ў ваенным гарадку, які некаторыя ідэнтыфікуюць як той, што знаходзіцца ў Асіповічах на ўсходзе Магілёўскай вобласці. Прамова Прыгожына паказвае, што гэта відавочна не канец групы Вагнера», – піша брытанскі часопіс The Spectator.
«Прыгожын паведаміў, што было прынятае рашэнне, каб «Вагнер» заставаўся ў Беларусі, пакуль у іх не будзе магчымасці «праявіць сябе ў поўнай меры». Іх прысутнасць, паводле яго слоў, дасць магчымасць беларускаму войску стаць другой арміяй у свеце (мяркуецца, пасля Расеі), і што пры неабходнасці яны будуць ваяваць разам з імі. На пытанне, што далей, Прыгожын сказаў, што будучыня групы ў Афрыцы. У сваім апошнім выступе Прыгожын кажа пра тое, што нас «вымушалі зганьбіць сябе». Гэта спасылка на яго неаднаразовыя абвінавачванні ў пачатку года ў тым, што Герасімаў і Шайгу наўмысна затрымлівалі боепрыпасы і падтрымку групоўкі Вагнера падчас бітвы за Бахмут. Паўторнае з’яўленне Прыгожына адбылося пасля некалькіх тыдняў здагадак аб тым, як ён ухіліўся ад пакарання за свой дзяржаўны пераварот.
Прысутнасць Прыгожына ў іх лагеры сведчыць аб тым, што ён не мае намеру перадаваць кантроль над групоўкай Расіі, Беларусі ці каму-небудзь яшчэ. Бо ўсе размовы Пуціна пра тое, што Вагнера «не існуе», што групоўка наймітаў будзе рыхтаваць беларускае войска, гавораць пра адваротнае. Што Прыгожын вырашыць зрабіць далей, яшчэ трэба высветліць. Але пакуль групоўка Вагнера застаецца баяздольнай і вернай яму, праблемы Пуціна з Прыгожыным не знікнуць», – працягвае назіраць брытанскае выданне.
Сустрэча краін-членаў БРІКС – Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітая і Паўднёваафрыканскай рэспублікі, запланаваная на жнівень у Ёханэсбургу, пройдзе без асабістага ўдзелу расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Крэмль паведаміў, што кіраўнік РФ падключыцца па відэасувязі. Падстава для адмены візіту – ордэр на арышт, выдадзены Міжнародным крымінальным судом у Гаазе, які Паўднёвай Афрыцы прыйшлося б прывесці ў выкананне. «Пуцін паступова сам загнаў сябе ў кут», – піша стакгольмская газета Dagens Nyheter.
«Адмененая паездка сведчыць пра тое, што Пуціну ўсё цяжэй паводзіць сябе так, як быццам усё ў поўным парадку, і Расея атрымлівае гарантаваную падтрымку «глабальнага Поўдня». У якой ступені ордэр на арышт і растучая ізаляцыя Пуціна будуць уплываць на агульную атмасферу дыскусій на тэму вайны ва Украіне – хутка ўбачым. А для тых, хто «шукае міру», напэўна стане складаней аргументаваць, што, маўляў, Украіна павінна аддаць свае тэрыторыі ў абмен на тое, што грамадзян яе краіны перастануць бамбаваць, гвалтаваць і катаваць», – падкрэслівае шведскае выданне.
Вось ужо некалькі дзён у раёне Афін бушуюць магутныя лясныя і хмызняковыя пажары, з якімі спрабуюць змагацца грэцкія пажарныя. Службы экстранай дапамогі і абароны прыступілі да эвакуацыі шматлікіх жыхароў рэгіёна. Аглядальнікі разважаюць аб тым, што да такой сітуацыі ўвогуле не павінна было дайсці. «Кожны раз у Грэцыі зноў і зноў разыгрываецца адзін і той жа сцэнар», – са шкадаваннем адзначае грэцкая газета Naftemporiki.
«Сорак другое лета запар у Грэцыі гараць лясы. Мы смуткуем аб загінуўшых, прыродзе, уласнасці, ураджаях, жывёлах – і недахопе кіслароду. Кожнае лета мы становімся назіральнікамі аднаго і таго ж сцэнара. Мы цалкам і цалкам залежым ад ветра, пажарных, праца якіх шануецца толькі ў сезон, ад паветраных рэсурсаў, якія мы не можам мадэрнізаваць, уся краіна кожнае лета апыняецца прадстаўленай свайму трагічнаму лёсу. Пажары ў Грэцыі вось ужо на працягу сарака гадоў з’яўляюцца палітычнай, а не экалагічнай праблемай. Але ніхто не бярэ на сябе палітычную адказнасць і, перш за ўсё, палітычныя выдаткі за вырашэнне гэтай праблемы», – адзначае грэчаскае выданне.
Гэты год ужо пабіў рэкорды спякоты папярэдніх гадоў. У многіх італьянскіх гарадах аб’яўлены максімальны ўзровень небяспекі. Чадзяць лясныя пажары ў Грэцыі і Гішпаніі. Наступстваў спякоты асцерагаюцца не толькі на поўдні кантынента. «Трэба палегчыць доступ да дадзеных апошніх даследаванняў», – з такім патрабаваннем выступае дзелавы французскі веснік Les Echos.
«У параўнанні з умовымі і эканамічнымі дадзенымі звесткі аб глабальным пацяпленні і перш за ўсё аб яго прычынах куды больш бедныя, менш даступныя – і не заўсёды простыя для разумення. Інстытуты ЕЗ пакуль так і не стварылі партала аналагічнага таму, што існаваў у часы пандэміі – са штодня абноўленымі дадзенымі аб хворых і прышчэпленых). І хоць Еўрастат і Citepa раз у квартал публікуюць у Францыі дадзеныя па выкідах у асобных сектарах эканомікі, ці дастаткова гэтага для таго, каб шырокая грамадскасць была інфармаваная і зацікаўленая?», – задаецца пытаннем французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя