На беларускіх палях – “ненармальна”
На палях і ў гаспадарках Беларусі “ненармальная сітуацыя”. Пра гэта ў пятніцу на нарадзе, прысвечанай жніву, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён спасылаецца на інфармацыю ад кантралёраў, пракурораў і міліцыянтаў.
Асноўныя прэтэнзіі наступныя: нізкая гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі, элеватараў, сховішчаў і праблемы з механізатарскімі кадрамі. Высветлілася, што камбайны не гатовыя да працы практычна ў кожнай другой з правераных гаспадарак. Пры гэтым у асобных арганізацыях рамонтам яшчэ і не займаліся. А яшчэ пракуроры налічылі 185 выпадкаў прыпісак, калі тэхніка была гатовая да працы толькі на паперы. Найбольш такіх фактаў у Менскай, Гарадзенскай і Віцебскай абласцях.
Падаткавікі і Дзяржкантроль актыўна ўзяліся за заробкі беларусаў
Падатковая інспекцыя працягвае сачыць за тым, як наймальнікі выплачваюць заробкі сваім работнікам. Пад асаблівым кантролем знаходзяцца тыя, хто выдае грошы ў канвертах. Дзяржкантроль тым часам правярае, ці своечасова выплачваюць наймальнікі заробкі.
Да прыкладу, у Віцебскай вобласці за студзень-чэрвень гэтага года знайшлі 29 выпадкаў выплаты заробкаў у канвертах. Па іх дадаткова налічылі 2 млн 672,8 тыс. рублёў. У Жлобінскім раёне падатковая праверыла кампанію, якая аказвае пасажырскія паслугі. Там высветлілі, што дырэктару на працягу трох гадоў выплачвалі заробак у канвертах. Фірме выставілі падаходны падатак у 28,8 тыс. рублёў і выпісалі штраф амаль у 1,5 тыс. рублёў. Падаткавікі Менскай вобласці высветлілі, што заробкі ў канвертах выплачвала кампанія, якая аказвала паслугі таксі ад сэрвісу Uber.
У крамах Duty Free хочуць дазволіць гандаль буйнагабарытнымі таварамі
Еўразійская эканамічная камісія збіраецца зняць забарону на бяспошлінны гандаль грувасткімі і цяжкімі таварамі. Як паведамляецца, гэтую прапанову лабіруюць беларускія бізнесмены, піша Office Life.
Дагэтуль у Еўразійскім саюзе было забаронена размяшчэнне пад мытную працэдуру бяспошліннага гандлю тавараў вагой большых за 20 кг і сумай памераў па даўжыні, шырыні і вышыні большых за 200 см. Аднак беларускія прадстаўнікі ў ЕЭК прапанавалі гэтае абмежаванне зняць, матывуючы свае дзеянні складанай эканамічнай сітуацыяй і неабходнасцю павелічэння продажу. Папярэдне Кансультатыўны камітэт камісіі па мытным рэгуляванні з гэтым нібыта пагадзіўся.
Калі забарону скасуюць, у крамах Duty Free тэарэтычна можна будзе прадаваць розную бытавую тэхніку, мэблю ды іншыя тавары.
“Штадлер” адмовіўся вырабляць цягнікі для мінскага метро
Пра гэта на сустрэчы з калектывам метрапалітэна расказала першая намесніца старшыні Менгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. Паводле яе слоў, прычынай сталі заходнія санкцыі. У выніку цягнікі набываюць у Расіі, піша minsknews.by.
Раней “Штадлер” супрацоўнічаў з “Мінскім метрапалітэнам”, на лета 2020-га паставіў яму 10 цягнікоў. Сёлета стала вядома, што сем новых цягнікоў для метро вырабяць у Расіі, першыя пастаўкі чакаюцца ў 2024-м. У тэндары ўдзельнічалі 2 прадпрыемствы з РФ, а чаму не ўдзельнічаў “Штадлер Мінск”, заставалася таямніцай. Пасля ўвядзення санкцый супраць РБ пасля 24 лютага 2022-га выпуск прадукцыі ў Фаніпалі скараціўся, але не спыніўся. Частку зборачных аперацый з Беларусі перанеслі за мяжу.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: gomselmash.by