На Аўгустоўскім канале прыпынілі шлюзаванне
Некалькі дзён там падае ўзровень вады. Беларускія прапагандысцкія крыніцы абвінавачваюць у абмяленні транспамежную водную сістэму Польшчу. Польшча ж бачыць праблему ў халатнасці супрацоўнікаў на беларускім баку памежнага шлюза Кужынец і ў кепскай камунікацыі, піша Hrodna Life.
Вада ў канал перастала паступаць з боку польскай часткі Аўгустоўскага канала, паведамілі на дзяржаўным канале «Гродна Плюс».
Паводле версіі прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, паступленне вады па канале перакрылі вышэй за цячэнне ад беларускай часткі — у раёне гідравузла Кужынец на тэрыторыі Польшчы. На польскім баку сярод насельніцтва пашыраная версія, што ваду ў канале нібыта зліў Лукашэнка, каб мігрантам было лягчэй незаконна перасякаць мяжу. Узровень вады над шлюзам Куржынец цяпер прыкладна на 1 метр ніжэйшы за мінімальны ўзровень, устаноўлены для гэтага аб’екта, паведаміў прадстаўнік Міністэрства інфраструктуры Польшчы Шыман Гуптысь.