З паслом РФ у Варшаве правялі гутарку з-за слоў Пуціна
Пасла РФ у Варшаве Сяргея Андрэева „ў тэрміновым парадку” выклікалі ў польскае МЗС з-за слоў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна аб Польшчы.
Пра гэта паведаміў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблоньскі ў інтэрв’ю польскаму агенцтву PAP. Ён указаў, што прычынай для гутаркі сталі „правакацыйныя заявы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, а таксама пагрозы ў адносінах да Польшчы іншыя недружалюбныя дзеянні Расейскай Федэрацыі ў адносінах да Польшчы” і яе саюзнікаў.
Па словах Яблоньскага, сустрэча была вельмі кароткай. Андрэеву далі зразумець, што „такога роду псеўдагістарычная аргументацыя, спробы абяліць аднаго ваеннага злачынцу, якім быў Сталін, праз іншага ваеннага злачынцу, якім сёння з’яўляецца Уладзімір Пуцін, – гэта дзеянне, якое Польшча разглядае як спробу правакацыі”.
Крыніца: DW