Вагнер працягвае прыбываць у Беларусь



Сёння раніцай дзясятая калона з сімволікай прыватнай ваеннай кампаніі „Вагнер” прыбыла ў Беларусь па новым маршруце, паведамляе маніторынгавы праект „Беларускі Гаюн”.
«У калоне як мінімум 10 адзінак тэхнікі: КамАЗ тэнт, некалькі «буханак», мікрааўтобус Volkswagen Transporter і не менш за 6 фур. У большасці машын нумары або заклеены, або нумарныя знакі РФ і так званых ЛДНР. Калону суправаджае ДАІ РБ», – піша рэсурс.
Аўтары адзначаюць, што дадзеная калона змяніла маршрут і ў адрозненне ад папярэдніх, прайшла не цалкам па Р43 і далей па М5, а ў Чэрыкава згарнула на Р122 у напрамку Магілёва і далей па М8 у напрамку Р93 на Бабруйск.
Нагадаем, на гэтым тыдні з’явіліся два відэа, звязаныя з ПВК «Вагнер» у Беларусі. У адным з ролікаў чалавек з голасам Яўгена Прыгожына кажа, што «вагнераўцы» зробяць з беларускага войска другое войска свету, у іншым чалавек, званы адным з камандзіраў ЧВК, сцвярджае, што ў Беларусь накіроўваюцца да 10 тыс. наймітаў. Па стане на 22 ліпеня Дзяржпамежслужба Украіны ацэньвала колькасць наймітаў «ЧВК Вагнер» у Беларусі прыкладна ў 5 тысяч.