Паліну Шарэнду-Панасюк збілі ў калоніі
Пра гэта са спасылкай на ананімныя крыніцы паведаміў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда: „Адміністрацыя калоніі №24 арганізавала для Паліны так званую „прэс-хату”, падсадзіўшы да яе ў камеру ПКТ дзвюх жанчын-пракатарак. Зразумела, што знясіленая многімі месяцамі знаходжання ў ШІЗА і ПКТ Паліна не змагла даць адпор і была моцна збіта. І так моцна, што ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў санчастку калоніі”.
Паліна Шарэнда-Панасюк у зняволенні са студзеня 2021-га. Яе абвінавацілі ў „гвалце” ў дачыненні да міліцыянтаў і іх „абразе”, а таксама ў „абразе Лукашэнкі”. Мінулым летам ёй прызначылі 2 гады калоніі агульнага рэжыму. А ў красавіку 2022-га дадалі яшчэ адзін год калоніі за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. Пазней на яе завялі яшчэ адну справу па гэтым артыкуле. У траўні Паліна заявіла, што збіраецца адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Так яна пратэставала супраць катаванняў. Пасля гэтага яе адправілі на псіхіятрычную экспертызу. У пачатку ліпеня стала вядома, што Паліну этапавалі назад у менскае СІЗА №1.