Юлія Міцкевіч: Жанчыны не ўспрымаюцца як індывідуўмы
Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя – Юлія Міцкевіч, актывістка, феміністка, сябра фем-групы ў Каардынацыйнай радзе. Наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч гутарыць з ёй пра правы жанчыны ў сучаснай Беларусі, а таксама пра гендарнае і рэпрадуктыўнае права.
РР: Юры Васкрасенскі заяўляў, што, маўляў, жанчыны народзяць новых беларусаў замест з’ехаўшых. Вось тое знакамітае выказванне Качанавай – галоўная задача жанчыны нараджаць беларусаў. Я хачу вас папрасіць паразважаць, чаму беларуская дзяржава зараз так ставіцца да жанчыны? Чаму права нарадзіць дзіця ўлады намагаюцца зрабіць абавязкам жанчыны?
Юлія Міцкевіч: Я думаю, што гэта ўсё адбываецца ў цэлам у той логіцы палітычнай сітуацыі і таго, як палітычны рэжым ставіцца да людзей у Беларусі ў цэлым. Можна сказаць, што ў той сістэме, якая зараз пабудаваная, людзей з іх інтарэсамі, запытамі як прадстаўнікоў розных сацыяльных груп – іх няма. Правы чалавека парушаюцца, і мы бачым гэта па розным стаўленні, пачынаючы з палітычных спраў, палітычных зняволеных і заканчваючы прыватнымі школамі, якія закрываюцца, заклікамі да новых ініцыятываў, напрыклад, каб чайлдфры плацілі штрафы за тое, што яны проста выбіраюць усвядомлены лад жыцця – не мець дзяцей і г.д. Гэта такі вялікі спіс парушэння правоў ва ўсіх магчымых сферах. І адпаведна ў гэтай парадыгме жанчыны зусім не ўспрымаюцца як індывідуўмы, як і ў цэлым усе, але жанчыны вось у прыватнасці. І адпаведна стаўленне да іх такое, як да інкубатара. І ніхто не задумваецца далей, гэта ўвогуле такое вельмі цынічнае, крывадушнае стаўленне, якое зусім з адсутнасцю якога клопату ці эмпатыі. Таму што пытання “А што далей?” не ўзнікае. Мы ж усе разумеем добра, што роды і цяжарнасць – гэта не як схадзіць у краму, гэта даволі складаны працэс, які займае вялікі адрэзак часу. Мацярынства – гэта вялікая і складаная праца, і тут ёсць шмат іншых фактараў, якія неабходныя, а не проста – вось нарадзіла і ўсё, і быццам назаўтра ты забылася пра гэта і аддала гэтае дзіця, як нейкі вінцік, дзяржаве, як нейкага новага салдата.
Але ў логіцы той улады, якая зараз знаходзіцца ў Беларусі, да нашага вялікага жалю, так яно і ёсць. Гэта быццам мы апынуліся ў серыяле “Расказ служанкі”. Вось ён адаптаваны ў цяперашняй сітуацыі.
РР: Так было заўжды ці гэта зараз абвастрылася з пытаннем масавай міграцыі, то бок з адтокам насельніцтва?
Юлія Міцкевіч: Так, канешне. Час ад часу мы чулі такія ж заклікі, такія ж думкі ад прадстаўнікоў беларускай дзяржаўнай бюракратыі, чыноўнікаў. Але я ўзгадваю як тая ж самая Качанава ці Ермакова ў свой час, будучы кіраўніцай беларускага саюза жанчын, таксама казалі пра гэтую важную ролю, нават не важную, а адзіную правільную, маці і жонкі, захавальніцы ачага і г.д. Увесь гэты набор патрыярхальных установак. Але гэта ўсё-такі мела больш такую ступень больш клапатлівага стаўлення, усё ж такі пра ролю, якая ёсць у жанчыны і павінна быць для яе важнай. А тут мы бачым проста ўжо такое дакладнае – ваша задача, вы павінны нараджаць, нават не проста дзяцей, а нараджэнне беларусаў як часткі гэтай дзяржаўнай сістэмы. Вось менавіта такія ўжо пайшлі ўстаноўкі. І, канешне, гэта паказчык таго, што адбываецца зараз у Беларусі, звязаны з асаблівасцямі палітычнай, сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, якая склалася, і з міграцыяй у тым ліку.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя