Больш за год таму не стала прафесара Анатоля Адзіевіча
Больш за год таму не стала выдатнага прафесара Анатоля Адзіевіча. Былы дэкан факультэта матэматыкі і фізікі, а затым і факультэта матэматыкі і інфарматыкі ўніверсітэта ў Беластоку памёр 18 красавіка 2022 года.
Анатоль Адзіевіч быў таксама стваральнікам скансэна ў Белавежы і заснавальнікам Таварыства „Русь”. З гэтай нагоды менавіта ў скансэне на выхадных прайшла канферэнцыя „Вакол нашай ідэнтычнасці”. Сустрэча пачалася паніхідай за супакой душы заснавальніка і будаўніка скансэна, прафесара Анатоля Адзіевіча, якую праводзіў настаяцель Сяргей Корх.
Ідэя прафесара Адзіевіча была вельмі простая, кажа яго шматгадовы сябра, Яўген Чыквін.
– Дапамагаць сваім людзям, каб захоўвалі, каб жылі годна, каб не былі пераследаваныя. Як бы мая жонка сказала, стыгматызаваныя. Найважнейшае – гэта быць людзьмі, захаваць свае рэлігійныя, культурныя, нацыянальныя каштоўнасці.
А гэта знакамітая постаць не толькі ў нашым навуковым асяродку, а і ў свеце. Запрашалі яго і ў Канаду, і Амерыку, ён быў знаны і яго шанавалі.
У канферэнцыі прымалі ўдзел вядомыя навукоўцы, як прафесар Ірэна Матус ці прафесар Ежы Усціновіч, – спецыяліст у сакральнай архітэктуры і мастацтве. Арганізатарам канферэнцыі з’яўлялася Таварыства „Русь”.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя