„Зараз адзін продаж толькі, а вось усё астатняе загінаецца”
На Берасцейшчыне, паводле афіцыйных дадзеных, за першае паўгоддзе ўзровень беспрацоўя складае 0,2%. На ўліку ў Цэнтрах занятасці па вобласці стаяць 1072 чалавек. За шэсць месяцаў па дапамогу ў працаўладкаванні звярнулася звыш 10 тысячаў жыхароў Берасцейшчыны. Зараз на рынку працы амаль 15 тысячаў вакансій.
Жыхары Пінска распавялі, што пытанне ў рэгіёне не столькі ў наяўнасці вольных месцаў, колькі ў памеры заробку:
– Знайсці можна, канешне, з заробкамі гэта іншае пытанне.
– Знайсці лёгка. Але вось жыць на гэтыя грошы – іншае пытанне.
– Я лічу, што калі чалавек хоча, ён заўжды знойдзе магчымасць дзесці працаваць і зарабіць.
– Ніхто не можа знайсці нармальнай працы. Якія тут пытанні? Ёсць спецыялісты, ёсць вышэйшая адукацыя, а знайсці працу па прафесіі вельмі праблематычна.
– Зараз адзін продаж толькі, а вось усё астатняе загінаецца. У мяне муж працуе на заводзе, і там працы становіцца ўсё менш і менш.
Берасцейскі абласны Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне паведамляе, што з працоўных прафесій самыя запатрабаваныя – кіроўцы, па вобласці 763 вакансіі, што датычна высока кваліфікаваных спецыялістаў, то гэта лекары – па вобласці 470 вакансій.
Беларускае Радыё Рацыя