На Падляшшы працуюць лагеры для праваслаўнай моладзі



Не толькі ў святынях можна знайсці свой шлях да Бога. Лагеры Брацтва праваслаўнай моладзі з года ў год набіраюць штораз больш ахвотных. Летнікі – гэта малітва, але таксама майстар-класы, спорт, тэатр і мастацтва. Такія лагеры будуць праходзіць таксама ў Белавежы. Таварыства “Асяродак Белавежа”, заснавальнікам якога з’яўляецца Анатоль Васылюк,  узяло на сябе адказнасць за рэканструкцыю, развіццё і кіраванне цэнтрам, які будзе працягваць служыць галоўным чынам для навучання моладзі і актывістаў, звязаных з дзейнасцю царквы.

Зараз падобнага тыпу лагер для праваслаўнай моладзі прайшоў у Цепліцах, кажа Хрыстафор Тарасюк:

-У тым годзе ў нас былі дзеці з кожнай епархіі Польшчы. Толькі што прайшоў лагер у Цепліцах. Цяпер працуем, каб лагер у Белавежы таксама мог працаваць, каб зрабіць тут рамонт. І  як 6 – 7 гадоў таму былі апошнія такія лагеры, хочам, каб цяпер адбывалася ўсё, як і раней. Таму я прыехаў у Белавежу. Мы аб’ядноўваем усе нацыі, але пад адным крылом, якое называецца праваслаўе.

«Асяродак Белавежа» быў створаны ў 2022 г. па ініцыятыве Аляксандра Васылюка і па блаславенні Мітрапаліта Савы. Таварыства складаецца з былых старшыняў і актывістаў, звязаных з брацтвам і праваслаўным асяроддзем. Зараз праходзяць працы, каб дастасаваць будынак да пабытовых патрабаванняў.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя