Асвячэнне помніка на магіле святой Марыі Петручук пройдзе 30 ліпеня
У бліжэйшую нядзелю, 30 ліпеня, на праваслаўных могілках у Малешах у 14.30 пачнецца асвячэнне помніка на магіле святой Марыі Петручук.
Марыя Петручук – гэта 20-гадовая ахвяра нападу, які здзейсніў 2 лютага 1946 года на вёску Шпакі атрад пад кіраўніцтвам капітана Рамуальда Райса псеўданім “Буры”. У 2020 годзе Святы Сабор біскупаў Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ўпісаў Марыю Петручук ў шэраг Святых мучанікаў Холмскіх і Падляшскіх. Яна – святая праваслаўнай царквы.
У 2018 годзе грамадская ініцыятыва “Наша памяць” знайшла магілу Марыі Петручук у занядбаным стане, з паламаным крыжам і паваленым надмагіллем. Вырашана пабудаваць новы помнік, дзеля чаго абвясцілі збор грошай. Збор надалей працягваецца, патрэбныя грошы для поўнага завяршэння прац.
Беларускае Радыё Рацыя