Лявон Вольскі: Алесь Пушкін – чалавек, які вельмі любіў жыццё
Сённяшні „Госць Рацыі” – вядомы рок-музыка Лявон Вольскі.
Ён распавёў пра свае стасункі з Алесем Пушкіным – мастаком-палітвязнем, чыя смерць за кратамі ўразіла многіх беларусаў, асабліва тых, якія былі асабіста знаёмыя з творцам. Таксама музыка агучыў свой погляд на тое, што цяпер адбываецца ў культуры.
РР: Якая была вашая першая рэакцыя, калі вы даведаліся пра тое, што не стала Алеся Пушкіна?
Лявон Вольскі: Я думаю, што для любога чалавека, які быў знаёмы з Алесем, гэта быў сур’ёзны шок, таму што Алесь – гэта чалавек, які вельмі любіў жыццё, у добрым сэнсе быў пазітыўны. Увесь час натхняў усіх, каб не заўважаць усе гэтыя цяжкасці, што ўсё гэта скончыцца, усё будзе добра. Гэта быў прамяністы досыць чалавек. У самых неспрыяльных сітуацыях праводзіў у сябе ў Бабры фолькавыя святы. Гэта чалавек, які быў на добрай хвалі, настрой заўсёды ўзняты. І калі прыйшла гэтая вестка, ясна, што калі сыходзіць чалавек змрочны, які кажа, што нам і так усім гамон, то ясна тады, што так і мусіць быць, што зробіш. А тут зусім іншая сітуацыя. У мяне быў шок, як гэта ён? Але мы ж бачым, што на жаль, гэта зроблена адмыслова і свядома. Таму што не заўважаць, што ў чалавека язва – гэта нерэальна.
Яны адмыслова так зрабілі, яны хочуць гандлю палітвязнямі. А ім ніхто гэта не прапаноўвае. А пачаць гандаль – гэта зноў пачаць гэты ланцуг, у канцы якога кіраўнік адміністрацыі робіцца міратворцам, з якога здымаюцца ўсе санкцыі, і ў Менску праводзяцца нейкія перамовы мірныя. Гэтым можа скончыцца. Я спадзяюся, гэтым разам гэтага не адбудзецца, нягледзячы на гэтыя жахлівыя ахвяры. Таму што яны гэтым падкрэсліваюць, што ўсё, давайце таргавацца. А іначай будзе вось так. Нам нават не цікава, што гэта быў вядомы чалавек, таленавіты… Так будзе з усімі вашымі. Ні ад каго звестак няма, так што глядзіце.
Нагадаем, днямі Лявон Вольскі атрымаў медаль БНР. Пачуць музыку жыўцом можна будзе ў Варшаве 1-га верасня. Тады артыст выступіць на фэсце “Грай”.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя