Дзяржава падмяла пад сябе яшчэ адзін бізнес
Чыноўнікі заняліся перадзелам інкасатарскага бізнесу — дзяржава падмяла яго пад сябе. Аляксандр Лукашэнка падпісаў спецыяльны ўказ, паводле якога выключнае права на такую дзейнасць уводзіцца для дзяржаўнай кампаніі “Белінкасгруп”. Гаворка пра перавозку наяўных грошай і каштоўнасцей. Таксама ўдакладняецца, што ствараецца цэнтралізаваная лагістычная сістэма перавозкі каштоўнасцей падчас аказання касава-інкасатарскіх паслуг. Да гэтага інкасацыяй і перавозкай наяўных грошай і іншых каштоўнасцей маглі займацца таксама прыватнікі.
Як нагадвае “Зеркало”, кампанія “Белінкасгруп” з’явілася на рынку інкасацыі ў 2018 годзе. Яе заснавалі Нацбанк, “Беларусбанк” і “Белаграпрамбанк”. Характэрна, што стварэнне “Белінкасгруп” у Нацбанку раней матывавалі ў тым ліку стварэннем на рынку “нармальнай канкурэнцыі”.
У Беларусі затармазілася будаўніцтва новага жылля
Будаўніцтва новага жылля ў Беларусі за першае паўгоддзе ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года асела на 3%. На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал “Нашы Грошы”. Паводле афіцыйных звестак, за студзень-чэрвень сёлета ў Беларусі ўвялі ў строй 1,76 млн квадратных метраў жылля. А летась за аналагічны перыяд было пабудавана 1,9 млн квадратаў.
Адчувальна больш жылля сёлета будуюць у Магілёўскай вобласці. Тут за першыя паўгода ўвялі ў эксплуатацыю на траціну больш квадратных метраў, чым за аналагічны перыяд у мінулым годзе. А ў Менску жыллёвае будаўніцтва ўпала на 22% у параўнанні з мінулым годам. Агулам паводле планаў уладаў сёлета аб’ём уводу жылля павінен скласці 4,3 мільёны квадратных метраў.
Беларусы сталі атрымліваць апавяшчэнні пра падатак на кватэру
Міністэрства па падатках і зборах пачало рассылаць апавяшчэнні пра ўплату падатку на нерухомасць за 2022 год. Аплаціць яго трэба да 15 лістапада бягучага года.
Раней у ведамстве паведамлялі, што падатак на кватэру будуць выстаўляць, зыходзячы з разліковага кошту аднаго квадратнага метра, які дзейнічаў па стане на мінулы год. Так, для Менска такі разліковы кошт складае 810 рублёў. Таму, да прыкладу, за кватэру агульнай плошчай 63,7 метра ў Заводскім раёне сталіцы трэба будзе заплаціць 25 рублёў 80 капеек.
Падатак на нерухомасць плацяць у два этапы: авансавы плацеж трэба было ўнесці да 15 лістапада 2022 года, а цяпер далічаная даплата. Гэты падатак трэба плаціць усім, у каго ў Беларусі ёсць жылыя дамы, кватэры, садовыя домікі, а таксама аб’екты, дзе не завершанае будаўніцтва. (Office Life)
Якія прысмакі хутка перастануць называцца “шакаладам”?
З 25 ліпеня ўступяць у сілу змяненні ў тэхнічны рэгламент Мытнага саюза “Аб бяспецы харчовай прадукцыі”, якія ўстанаўліваюць адзіныя патрабаванні для шакаладу і шакаладнай прадукцыі. Яны былі ініцыяваны і распрацаваны Рэспублікай Беларусь, перадае БЕЛТА. Цяпер у адпаведнасці з усталяванымі патрабаваннямі да шакаладу аднесены горкі (або чорны), цёмны, звычайны, салодкі, малочны, экстрамалочны, белы шакалад, шакалад з начыннем і шакалад у парашку. Да шакаладных вырабаў адносяцца кандытарскія вырабы, якія ўтрымліваюць 25% і больш складовай часткі шакаладу ад агульнай масы вырабу.
Таксама забараняецца выкарыстоўваць пры вытворчасці шакаладу араматызатараў, якія імітуюць смак або пах шакаладу, забараняецца выкарыстоўваць жывёльныя тлушчы, акрамя малочнага тлушчу.
Беларускае Радыё Рацыя.