Яўгену Прапольскаму дадалі да восьмі гадоў калоніі яшчэ паўтара года
Праваабаронцам стала вядома, што ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 3 траўня 2023 года па новай крымінальнай справе асудзілі палітвязня Яўгена Прапольскага. Суддзя Павел Карцінін прызнаў палітвязня вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыў яму ў дадатак да васьмі гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення.
Яўгена затрымалі 29 верасня 2020 года. 19 ліпеня 2021 года палітвязня асудзілі да 8 гадоў калоніі па справе «ўдзельнікаў чата». Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК(падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках у Менску), а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 218 КК (падрыхтоўка да наўмыснага знішчэння ці пашкоджання маёмасці).
Напрыканцы траўня яго этапавалі ў мазырскую калонію № 20, але з 14 чэрвеня ад яго не было яшчэ ніводнай весткі.
Падтрымаць Яўгена паштоўкамі, лістамі і тэлеграмамі: ПК № 20. 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Яўген Уладзіміравіч Прапольскі.