“У кішэню не пакладзеш”
Супрацьдзейнічаць расейскай прапагандзе, а гэта адзін з паважных элементаў расейскай агрэсіі, неабходна праз усе сферы жыцця. Больш эфектыўна, на думку некаторых украінскіх кінапрадзюсараў, гэта рабіць з дапамогай культуры на грошы з бюджэту краіны, якая ваюе.
За невялікія грошы – 33 мільёны грыўняў (каля 900 тысяч даляраў) – можна зняць 24 серыі фільма аб простым украінскім фермеры, так бы мовіць, мужыку з народа, які стаў героем фальклору дзякуючы сваім рэзкім, але праўдзівым выказванням у відэароліках ютуба.
Просты фермер па сумяшчальніцтве выявіўся ўладальнікам футбольнага клуба «Інгулец», па выпадковасці – чалавекам з крымінальным мінулым, па фартуне -сябрам алігарха, які мае ўсе шанцы за кошт дзяржавы і асабістага аўтарытэту прывесці фермера ў палітыку. Слушна ўзнікае пытанне: а ці нармальна падчас вайны прадукаваць серыялы за бюджэтныя сродкі? Абсалютна нармальна! Але не аб сумнеўным мацюкальным хаме, не на зачыненых тэндарах, не ў расейскім перакладзе. І не як аргумент: салдатам на перадавой таксама неабходна адпачыць і пасмяяцца. Відавочна, культура павінна жыць – гэта частка абароны. Але Украіна не павінна даваць падставу ворагу кпіць над сваёй культурай, а саюзнікам – сумнявацца ў здольнасці справядліва размяркоўваць дзяржаўныя сродкі. І колькі за «невялікія» 33 мільёны грыўняў можна купіць для сваёй арміі дронаў, цеплавізараў, прыцэлаў і аўтамабіляў? Колькі параненых вайскоўцаў паставіць на ногі ў еўрапейскіх клініках? Ці няхай на гэта данаціць шматпакутны ўкраінскі народ? А прадзюсараў можна зразумець: дрон у кішэню не пакладзеш!
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя