У сельскай гаспадарцы – востры дэфіцыт кадраў



Толькі па чатырох прафесіях – аператар машыннага даення, ветэрынар, заатэхнік і палявод – прадпрыемствы шукаюць каля 2,5 тысяч работнікаў. На гэтым фоне Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў навесці жалезны парадак у кадравым пытанні і заявіў, што ні адзін спецыяліст або кіраўнік такіх прадпрыемстваў не можа быць звольнены без дазволу старшыні раённага выканкама.

Партал “Зеркало” паглядзеў, колькі гатовы плаціць работнікам на сельгаспрадпрыемствах.

Так, для аператараў машыннага даення ёсць 999 вакансій, плаціць абяцаюць ад 554 рублёў, прычым некаторыя прадпрыемствы ўказваюць гэтую суму як адзіную магчымую. Ветэрынараў патрабуецца некалькі соцень, ім месцамі абяцаюць па 1,5 тысячы рублёў заробку. Для заатэхнікаў ёсць амаль 600 вакансій, а заробак у сярэднім 600-650 рублёў, то бок зноў жа не высокі. Паляводаў патрабуецца больш за 600, плаціць ім абяцаюць прынамсі 554 рублі, але на некаторых прадпрыемствах – больш за 1 тысячу.

У Беларусі павялічваецца памер дапамогі на дзяцей

У Беларусі з 1 жніўня вырасце памер дапамогі для догляду за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дапамога вырасце на 7,5 %. Цяпер бацькі будуць атрымліваць:

на першае дзіця – 651,35 рублёў;

на другое і наступнае дзіця – 744,40 рублёў;

на дзіця з інваліднасцю – 837,45 рублёў.

Новыя сумы будуць выплачвацца да 31 студзеня 2024 года, калі адбудзецца іх чарговы перагляд.

У Гомельскай вобласці дазволілі плаціць падаткі натурай

У Гомельскай вобласці для некалькіх соцень прадпрыемстваў дазволілі тавараабменныя аперацыі. Мясцовыя ўлады зацвердзілі адпаведнае рашэнне, яно ўступіла ў сілу з 25 ліпеня. На гэта звярнуў увагу рэсурс “Флагшток”.

Пералік уключае больш за 700 арганізацый. Большасць з іх размешчаныя ў Гомельскай вобласці і ўяўляюць сабою самыя розныя сферы дзейнасці: ад сельскай гаспадаркі і прамысловасці да гандлю і ЖКГ. У гэтым спісе зусім няма прыватных прадпрыемстваў. Затое ёсць БМЗ, Гомсельмаш і Беларуснафта, а таксама тры банкі, якім дазволілі на бартарнай аснове аказваць паслугі фінансавага пасярэдніцтва. Да прыкладу, прадпрыемствы змогуць разлічвацца за паслугі банкаў сваёй прадукцыяй.

На дапамогу выдавецтву Янушкевіча сабралі каля 23 тысяч еўра

Дзеля аднаўлення дзейнасці выдавецтва Андрэя Янушкевіча ў Польшчы Беларуская Рада культуры запусціла магістрат “Кнігаўка”, да якога далучылася 325 чалавек. Сабраная сума на карысць “Кнігаўкі” — 103000 злотых (прыблізна 23 тыс. еўра).

“За 6 месяцаў было выдадзена 13 кніг, наладжана рэгулярнае прадстаўніцтва беларускай кнігі на польскіх кніжных кірмашах, створаны сайт (хутка будзе запушчаны), запушчана ў распрацоўку некалькі важных кніжных серый. Самая гучная з іх — дамова са Сцівенам Кінгам пра выданне яго кніг па-беларуску. Таксама адноўленыя дамовы па працягу серый пра Гары Потэра і Ведзьмара, плануецца выданне “Валадара Пярсцёнкаў”, — гаворыцца ў справаздачы. (Крыніца: БРК)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: з адкрытых інтэрнэт-крыніц.