Крыначкі нашага жыцця
Прайшоўшая нядзельная раніца прынесла маёй душы супакой і адчуванне ласкі і радасці Божай. Такі прыўзняты настрой у спалучэнні з прыгожым, летнім надвор’ем (спёка за акном не стаяла), далі мне дзве справы, якія з сямі да дзевяці раніцы, дзякуючы радыё і тэлебачанню, дазволілі падняцца на прыступкі эмацыянальнасці і духоўнасці, што загасцявала і ўва мне, і ў маёй беластоцкай кватэры.
Першая справа гэта вяртанне, дзякуючы айцу Георгію Рою ў эфір Беларускага Радыё Рацыя па нядзелях а сёмай гадзіне раніцы (паўтор а сямнаццатай пасля поўдня), рэлігійнай, праваслаўнай праграмы „Крыначка”. Па беларускім часе, зразумела, на гадзіну пазней. Размер фельетона не дазваляе прадставіць тут асобу айца Георгія Роя — сына Берасцейшчыны, яго мудрасці, адказнасці, адданага Хрыстовай навуцы і беларускаму праваслаўю. У ягонай перадачы на беларускай мове зможам пачуць тое, што кожнаму веруючаму хрысціяніну і чалавеку, шукаючаму Бога ў сваім жыцці, дазволіць атрымаць многія адказы і ўзбагаціць духоўнае жыццё. Ужо прагучалі тры радыёперадачы і кожную з іх я слухаў проста з дрыжыкамі на плячах і паглынаннем мудрасці ад пачутых слоў рэлігійнага і свецкага характару ды стараннем зразумення Хрыстовай навукі ў штодзённым жыцці.
Перадачы маюць выбудаваную канцэпцыю і логіку духоўнага экскурсавода і настаўніка па хрысціянскім свеце зараз і ў мінулым. У спалучэнні з музычным і паэтычным афармленнем гадзіна перад радыёпрымачом мінае нам незаўважна з надзеяй на чарговую сустрэчу праз тыдзень. Знойдзем у ёй весткі з рэлігійнага жыцця праваслаўя ў Польшчы, Беларусі, Еўропе і свеце. Тут па рэлігійным кругазвароце гучаць актуальныя пропаведзі на біблейскія тэмы і багаслоўскія разважанні. Мудрасць вядучага айца Георгія Роя ў спалучэнні з яго проста дадзеным ад Бога радыйным, або прапаведніцкім тэмбрам голасу дазваляюць кожную нядзелю зранку мець магчымасць сустрэчы з тым, каго і чаго найчасцей мы шукаем, каб замацавацца ў хрысціянскай веры і такіх жа ўчынках.
Праграму «Крыначка», зразумела, можна слухаць па ўсім свеце ўжывую праз інтэрнэт-сайт racyja.com, або проста пасля спампавання на мабільнік прылады для слухання ў ім радыё. Калі Вы аднак не можаце быць разам з перадачай у нядзельным эфіры, то спакойна на радыйным сайце можаце пазней яе адшукаць у адмысловай закладцы архіўных перадач. У сённяшнім ваенным свеце разбітых у эмацыянальным і духоўным плане грамадстваў, траўмаванасці роду чалавечага хвіліны, праведзеныя на роздумах з Божым парадкам і Ягонай ласкай могуць даць нам шанц і надзею на выбудоўванне і ў сябе патрэбнай моцы на пераадольванне праблем і клопатаў штодзённасці.
І другой падзеяй, якая ў нядзельнае ранне выціснула ў мяне слязу, была ў восем гадзін раніцы гадзінная трансляцыя на адным з польскіх тэлеканалаў публічнага тэлебачання літургіі з маёй роднай, пушчанскай парафіі ў Вэрстоку. Такой радасці і ўзнёсласці духу, якая трапіла пад дах майго беластоцкага шматпавярховіка, проста не расказаць. Не адзін і не два разы ў сваіх фельетонах апісваў я свае духоўныя, рэлігійныя сустрэчы і развітанні, звязаныя з маёй вэрстоцкай царквой і яе прыгажосць месца і духу. Распаложаная на ўскраіне пушчы, намоленая малітвамі і памяццю адвечных тутэйшых беларускіх пакаленняў, усю сваю прыгажосць раскрыла гледачам ва ўсёй Польшчы і не толькі. А для мяне самыя важныя гэта нашчадкі сваіх продкаў, якія цяпер былі ў царкве. Моляцца яны таксама за тых, што адышлі і пахаваныя на прыхадскіх могілках. Радасць ад прыхадскога хору, які па-мойму, заўсёды спявае найпрыгажэй. Бачна сіла настаяцеля, які ўдыхнуў у прызабытую і адміраючую прастору радасць годнасці жыцця, і ягоная ўмеласць спалучыць духоўнае з арганізацыйным майстэрствам парафіяльнага выжывання. Ну і ўрэшце твары знаёмых і незнаёмых прыхаджан — брат Юрка са сваёй жонкай Аняй, сваякі, суседзі, якія не пакідаюць сваёй роднай зямлі. Мае святой памяці бацькі любілі паўтараць: «Ой, коб тэпэр людэ подняліся з того світу, то тут бы ніц нэ позналі. Усё так змінілося». Адно не мяняецца — царква ў Вэрстоку на шчасце на сваім месцы і прыгажэе з гадамі.
Яўген Вапа, „Ніва”