Герасімаў прайграў у 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Астане



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (897-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не змог прабіцца ў чвэрцьфінал адзіночнага разраду турніру серыі Challenger Tour у Астане з прызавым фондам 40 тысяч даляраў. У сённяшнім матчы другога раунда беларус за дзве гадзіны саступіў у дзвюх партыях расійскаму тэнісісту Яўгену Філіпаву – 5:7, 5:7.
Яшчэ адзін беларус – Аляксандр Згіроўскі – у першым раундзе адолеў грузіна Сабу Пурцэладзэ – 3:6, 7:5, 7:5.

Футбалісты БАТЭ і „Нёмана” правядуць матчы другога круга кваліфікацыі

Беларускія футбольныя клубы правядуць сёння стартавыя паядынкі 2-га раунда кваліфікацыі еўрапейскіх кубкавых турніраў. У Лізе чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ згуляе ў Лімасоле супраць чэмпіёна Кіпра „Арыса”, які трэніруе беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі. Гэтую гульню будзе судзіць ізраільская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Ігал Фрыд. У першым кваліфікацыйным раўндзе барысаўчане перамаглі па суме дзвюх сустрэч албанскі „Партызані” з Тыраны – 1:1 і 2:0. Кіпрская каманда ў першым раундзе не гуляла.
У кваліфікацыі Лігі канферэнцый адзін з лідэраў чэмпіянату Беларусі гарадзенскі „Нёман” сустрэнецца ў венгерскім Дзьеры з мальтыйскім клубам „Бальцан”. Галоўным суддзёй гэтага матча прызначаны ісландскі рэферы Івар-Оры Крысцьянсан. На старце турніру гарадзенская дружына была мацней за „Вадуц” з Ліхтэнштэйна – 2:1 і 1:1. „Бальцан” прайшоў славенскі „Домжале” – 4:1 і 1:3.

Яблонскі блізкі да пераходу ў «Вайвадзіну»

Беларускі паўабаронца Яўген Яблонскі блізкі да падпісання кантракту з «Вайводзінай». Раней Капітан зборнай Беларусі пакінуў кіпрскі «Арыс» за год да заканчэння тэрміну пагаднення з-за канфлікту з галоўным трэнерам Аляксеем Шпілеўскім. За час у клубе Яблонскі правёў 40 матчаў і выйграў чэмпіянат Кіпра. «Вайводзіна» заняла 5-е месца ў чэмпіянаце Сербіі. Таксама клуб удзельнічае ў Лізе канферэнцый, дзе згуляе ў 2-м раўндзе кваліфікацыі з АПАЭЛам.

На Кубак Івуліна зарэгістраваліся 30 каманд, засталося 10 вольных слотаў

За 10 дзён з моманту анонсу на Кубак Івуліна па футболе зарэгістраваліся 30 каманд, яшчэ 2 чакаюць пацверджання з візавымі пытаннямі. Усяго на турніры – 40 камандных слотаў. Усе заяўкі пасля 40-й арганізатары занясуць у дадатковы спіс, з якога ў асноўную сетку турніру дададуць каманды пры немагчымасці ўдзелу каманд з асноўнага спісу. Штогадовы Кубак Івуліна пройдзе 19 жніўня ў Варшаве.

Майстра па шахматах Буланава затрымалі ў Брэсце

Майстра па шахматах Дзмітрыя Буланава затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Брэсце. Пасля трох дзён арышту яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. У чым абвінавачваюць шахматыста і ці заведзеная на яго крымінальная справа – не паведамляецца. На пакаяльным відэа блізкага да сілавікоў Telegram-канала Буланаў «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях 2020 года, удзеле ў перасылцы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ў рэгістрацыі ў плане «Перамога».

Беларускае Радыё Рацыя