Пачаўся суд над Ларысай Шчыраковай
Гомельскі абласны суд сёння пачынае разглядаць крымінальную справу супраць былой журналісткі і краязнаўцы Ларысы Шчыраковай. Следства вінаваціць Шчыракову ў «спрыянні экстрэмісцкае дзейнасці» і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»
Справу разглядае суддзя Мікалай Доля. Судовае пасяджэнне зрабілі закрытым.
Палітзняволеную Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе непаўнагадовага сына змясцілі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, што апошнія гады жыў у Расеі, сабраў неабходныя дакументы і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам хлопчыка не аддавалі.
Па меркаванні пракуратуры, Ларыса Шчыракова „ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыё -, відэа -, фота – і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу „Вясна” і экстрэмісцкага фармавання „Белсат””.
За кратамі 13 красавіка Ларыса Шчыракова сустрэла свае 50 гадоў. Таксама ў красавіку ў жанчыны памерла маці. Нейкі час сваякі не паведамлялі дачцэ гаротную навіну, бо асцерагаліся ўпадку духу.
Беларускае Радыё Рацыя